Адкрыццё выставы "Іван Навуменка. Мудрасць слова і жыцця"
10 лютага а 17-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы "Іван Навуменка. Мудрасць слова і жыцця", прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, літаратуразнаўцы, прафесара, грамадскага дзеяча Івана Якаўлевіча Навуменкі.
Постаць гэтага чалавека нагадвае фальклорнага асілка, які валодае не толькі фізічнай сілай, але і духоўнай. Настойлівасць, мэтанакіраванасць, дабрыня і мудрасць – усё гэта чыталася ў яго вачах. Цвёрдым упэўненым крокам ішоў ён ад твора да твора, ад адной вяршыні да другой, перадаючы поступ жыцця, імклівы рух эпохі, што ствараўся розумам, рукамі яго пакалення. Сучаснаму чалавеку застаецца спасцігнуць і асэнсаваць маштабнасць і неабсяжнасць асобы Івана Навуменкі, яго значны след не толькі ў літаратуры, але і ў станаўленні беларускай навукі, развіцці грамадскай думкі.
На выставе, падрыхтаванай супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, будуць прадстаўлены цікавыя рэчы з асабістага архіва пісьменніка, большасць з якіх шырокая аўдыторыя ўбачыць упершыню. Жыццёвы і творчы шлях Івана Навуменкі наведвальнік зможа прасачыць праз шэраг фотаздымкаў, дакументаў, сувеніраў, эпісталярыяў, рукапісаў твораў. Кожны экспанат раскрывае асобу творцы з розных бакоў, але адна рыса будзе прасочвацца ва ўсім – гэта мудрасць, якую нёс Іван Якаўлевіч і ў слове, і ў асабістым жыцці.
На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць навукоўцы, калегі, родныя і блізкія пісьменніка. Яны падзеляцца сваімі ўспамінамі пра Івана Навуменку – даследчыка, пісьменніка, дэпутата, бацьку...
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).