Прэзентацыя кнігі “Дзіцячы маніфест”
30 снежня ў 19:00 у кнігарні “Галіяфы” (па адрасе Мінск, Старавіленская, 6) адбудзецца прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселькі “Дзіцячы маніфест”. “Дзіцячы маніфест” – спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікону, які палягае між нормай і вар’яцтвам.
У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца, мастака, чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго “Я”.
У прэзентацыі возьмуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі. Усіх удзельнікаў прэзентацыі чакае жывая музыка, конкурсы і цудоўны настрой.
Звесткі пра аўтара:
Стаселька Кірыл нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, у 2014 Магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА "Саюз беларускiх пiсьменнiкаў і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).
На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій “Буцэфал”, кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта “Народны журналіст”.
Публікаваўся ў такіх часопісах, як “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Паміж”, “pARTtisan”, а таксама ў зборніку “Параходзік сучаснасці”.
Паводле прэс-рэліза