Прэзентацыя праекта “Тры партрэты Кастуся Каліноўскага”

3 траўня а 12-ай гадзіне на сядзібе БНФ у Мінску (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца прэзентацыя ўнікальныай акцыі, прысвечанай угодкам нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг.

Паводле ініцыятывы вядомага беларускага мастака Міколы Купавы на сядзібе БНФ у Мінску будуць экспанаваныя тры ягоныя працы:

 

1. Кастусь Каліноўскі. Лінарыт. 290х198 мм. 1976 г.

2. Кастусь Каліноўскі. На пачатку. Лінарыт. 500х365 мм. 1977 г.

3. Партрэт Кастуся Каліноўскага. Каляровы лінарыт. 606х440 мм. 1978 г.

 

Творы Міколы Купавы будуць экспанавацца да канца траўня. На працягу гэтага часу можна будзе падаваць заяўкі на ўдзел у адкрытым аўкцыёне, які стане завяршэннем праекта. Ахвотных узяць удзел у аўкцыёне просім тэлефанаваць на нумар +375 29 5513236 (МТС).

50% ад атрыманых на аўкцыёне сродкаў мастак збіраецца перадаць на рахунак рэканструкцыі кляштара базылянаў у Воршы. Гэты помнік віленскага барока 1770 г. пабудовы (асвечаны ў 1774 г.) ужо дзесяць гадоў стаіць без даху і разбураецца ад снегу, марозаў, дажджоў і сонца. У 1969 г. камуністычныя ўлады горада разбурылі святыню Апекі Маці Божай, якая разам з кляштарным будынкам утваралі адзіны, унікальны па прыгажосці комплекс.

Мікола Купава заклікае людзей, якія цікавяцца мастацтвам, а таксама падзяляюць заклапочанасць творцы станам архітэктурнай спадчыны, узяць актыўны ўдзел у дабрачынным аўкцыёне. Такі аўкцыён праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.