“Адам Багдановіч. Яўген Чырыкаў. Максім Горкі. На скрыжаванні лёсаў”
|
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры Літаратурны музей Максіма Багдановіча Архіў сям’і Чырыкавых (г. Мінск, г. Ніжні Ноўгарад) |
28 лістапада 2018 года а 18-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “Адам Багдановіч. Яўген Чырыкаў. Максім Горкі. На скрыжаванні лёсаў”, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння класіка рускай літаратуры М.Горкага.
Адам Багдановіч, бацька геніяльнага беларускага паэта, і Максім Горкі, вядомы рускі пісьменнік, сябравалі на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Іх сяброўства пачалося пасля пераезду сям’і Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад, у 1896 годзе. Знаёмства адбылося дзякуючы Яўгену Чырыкаву, рускаму пісьменніку, служачаму Лібава-Роменскай чыгункі.
Яго рэкамендацыйны ліст да Аляксея Максімавіча Пешкава паспрыяў таму, што Багдановічы апынуліся ў цэнтры грамадскага і культурнага жыцця Ніжняга Ноўгарада, трэцяга па колькасці жыхароў горада Расійскай імперыі, пазнаёміліся з выбітнымі ніжагародцамі.
У экспазіцыі мастацка-дакументальнай выставы “Адам Багдановіч. Яўген Чырыкаў. Максім Горкі. На скрыжаванні лёсаў” прэзентуюцца каштоўныя прадметы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – успаміны, фатаграфіі, дакументы, перапіска. Яны – яскравыя сведкі ніжагародскага перыяду жыцця сям’і Багдановічаў, сяброўства Адама Багдановіча з Максімам Горкім, Кацярынай Пешкавай, прадстаўнікамі ніжагародскай інтэлігенцыі.
Частка экспазіцыі знаёміць з жыццём і дзейнасцю Яўгенія Мікалаевіча Чырыкава, вядомага рускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, яркага прадстаўніка літаратурнага працэсу к. XIX – пач. XX стст. у Расійскай імперыі.
Адам Багдановіч, Максім Горкі, Яўген Чырыкаў стасаваліся паміж сабою, на жаль, усе разам так і не сустрэліся, не паразмаўлялі на грамадскія тэмы, не абмеркавалі сусветную палітыку, не паразважалі на тэмы старажытнай ці сучаснай літаратуры. Але яны былі звязаны геаграфічна – праз Мінск, Ніжні Ноўгарад, Маскву, Самару, былі звязаны духоўна, адыгралі сваю ролю ў жыцці іншых і ў гісторыі…
Чакаем вас 28 лістапада а 18-й гадзіне.
Уваход на адкрыццё выставы вольны.
(Выстава будзе працаваць па 15 лютага 2019 года.)
Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7А – Траецкае прадмесце).
Даведкі па тэлефонах: (8 017) 334-07-61, (8 017) 334-42-69.
Спасылка на мерапрыемства ў ФБ