Беларуская дыяспара на фестывалі кнігі “Прадмова”
31 траўня на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” вядомы гісторык і даследчык эміграцыі, сябра Управы Згуртавання “Бацькаўшчына” Наталля Гардзіенка прэзентуе новыя гістарычныя кнігі-цікавосткі серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.
Першая кніга – “Масей Сяднёў: Pro et contra” – прысвечаная Масею Сяднёву, пісьменніку і крытыку, які ўзначальваў радыё “Свабода” цягам 15 год. Праз ліставанне з калегамі і паплечнікамі раскрываецца супярэчлівая і неадназначная асоба выбітнага дзеяча эміграцыі, чые літаратурна-крытычныя тэксты не згубілі сваёй актуальнасці і нават сёння здольныя выклікаць найвострую палеміку. Выданне ўтрымлівае падрабязныя падрадковыя каментары і іменны паказнік.
Другая кніга – “Як укладалі “Спадчыну” – прысвечаная гісторыі выдання знакамітага “мюнхенскага” дыхтоўнага 500-старонкавага зборніка Купалавых вершаў, які ў 1955 годзе істотна паспрыяў рэпрэзентацыі беларускай культуры на Захадзе і, праз наяўнасць у зборніку забароненых у БССР тэкстаў, скіраваў тэндэнцыі афіцыйнага купалазнаўства да іх “рэабілітацыі”. У аснову кнігі легла ліставанне аўтараў ідэі выдання “Спадчыны” – заснавальніка БІНіМ Вітаўта Тумаша і найбуйнейшага купалазнаўцы на эміграцыі, рэдактара “Бацькаўшчыны” Станіслава Станкевіча. Гэты эпісталярый – жывое і захапляльнае сведчанне беларускага інтэлектуальнага жыцця тагачаснай эміграцыі.
Адрас: “ОК16”, Кастрычніцкая, 16.
Пачатак а 18:30.
Уваход вольны.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”