Да 60-годдзя Анатоля Сыса: паэтычнае свята "Агмень" у Мінску

25 кастрычніка ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” ладзіць літаратурна-музычную імпрэзу, прысвечаную 60-годдззю з дня нараджэння Анатоля Сыса — паэтычнае свята “Агмень”. 

Літаратурны фестываль, што праходзіў кожны год на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага р-на і збіраў дзесяткі аматараў творчасці і сяброў Анатоля, сёлета пашырае фармат і праводзіцца на сталічнай пляцоўцы! Спадзяемся, што да свята далучацца і тыя, хто традыйцыйна браў удзел у імпрэзе, і тыя, хто ніколі раней не наведваў мерапрыемстваў фестывалю.

У вечарыне возьмуць удзел: Алесь Бяляцкі, Леанід Галубовіч, Аксана Данільчык, Сяргей Дубавец, Анатоль Івашчанка, Сяргей Кавалёў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Сяргей Сыс, Віктар Шніп.

На вечарыне прагучаць вершы Анатоля Сыса і песні на яго словы ў выкананні вядомых беларускіх музыкаў: Сержука Доўгушава, Касі Камоцкай, Алега Хаменкі.

Мерапрыемства пройдзе ў канферэнц-залі гатэля “Мінск” (зала рэстарана "Сёмаё неба") пр-т Незалежнасці, 11, корп. 2, 6 паверх.

Пачатак а 18-й гадзіне, уваход вольны!


Анатоль Сыс (26.10.1959 — 4.05.2005) — беларускі паэт. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў у Веткаўскай раённай газеце, старэйшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Дэбютаваў  вершамі ў часопісе Маладосць (1986). У 1986 годзе А. Сыс разам з аднадумцамі ўдзельнічаў у стварэнні Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Актыўны ўдзельнік маладзёвых нефармальных аб'яднанняў 2-й паловы 1980-х гадоў — «Талака», «Тутэйшыя». Культавы беларускі паэт канца 1980-х.  Ад сярэдзіны 1990-х да сваёй смерці Анатоль Сыс вельмі рэдка пісаў новыя творы. Паэзія, грамадзянская і творчая пазіцыя А. Сыса паўплывалі на некалькі пакаленняў беларускіх паэтаў.