“Памяць пра легенды” вечарына да 80-годдзя з дня нараджэння Кастуся Тарасава
16 кастрычніка 2020 г. у 18.00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на вечар памяці Кастуся Тарасава “Памяць пра легенды” з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Кастусь (Канстанцін Іванавіч) Тарасаў (1940–2010) – празаік, эсэіст, публіцыст; лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускаго ПЭН-цэнтра (“За актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фарміраванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў”, 2010).
Пачаў друкавацца як журналіст у 1966. Пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 1976. з публікацыі ў часопісе “Нёман” дэтэктыўнай аповесці “Следственный эксперимент”. Далейшы творчы лёс пісьменніка складваўся даволі ўдала. У 1980 выходзіць першая гістарычная аповесць “День рассеяния”, якая пазней пераўтвараецца ў раман “Пагоня на Грунвальд” (1986). У 1988 аўтар рамана пра Грунвальдскую бітву ўзнагароджаны прэміяй Мінабароны СССР. Выходзяць кнігі аповесцей “В час Стрельца” (1981), “Странствие в тесном кругу” (1986), “Единственный свидетель – Бог” (1991), “Три жизни княгини Рогнеды” (1994), “Золотая горка” (1998).
У 1996 К. Тарасаў стварае выдавецтва “Лекцыя”, у якім на мяжы стагоддзяў выдае “Крыж памяці. Меч лёсу: Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе” (1998, перавыд. 2001), “Беларусь. Гістарычнае падарожжа для дзяцей” (2000), аповесць “Апошняе каханне князя Міндоўга” (2000) і інш.
Паводле аповесці Кастуся Тарасава “Чорны шлях” драматург Аляксей Дудараў напісаў п’есу “Ядвіга”, якая была пастаўлена рэжысёрам Валерыем Раеўскім на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (2008).
Вядомасць у Беларусі К. Тарасаву прынёс зборнік літаратурна-гістарычных эсэ “Память о легендах” (1984), якія займальна апавядалі пра малавядомыя на той час старонкі беларускай гісторыі. Гістарычныя творы Кастуся Тарасава часцей за ўсё звязаны з мінулым Беларусі.
“Імя Кастуся Тарасава ў беларускай літаратуры стаіць побач з імем Уладзіміра Караткевіча. Гістарычныя творы гэтых знакамітых пісьменнікаў цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Калі Караткевіч уваскрашаў атмасферу і каларыт даўніны, то Тарасаў даваў другое жыццё рэальным гістарычным асобам, – пісаў пра свайго старэйшага калегу пісьменнік Уладзімір Арлоў. – Кастусь Тарасаў неверагодна глыбока ведаў і адчуваў гісторыю – і яе матэрыяльны свет, і патаемныя рухі чалавечай душы. Яго лёгка ўявіць і ў баявым шыхце рыцараў Вялікага Княства Літоўскага на Аршанскім полі, і ў велікодным віленскім натоўпе часоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл”.
На вечары “Памяць пра легенды” пра Кастуся Тарасава распавядуць яго сваякі, сябры, калегі: дачка Ганна Тарасава, Пётра Садоўскі, Сяргей Ваганаў, Барыс Пятровіч, Алег Дашкевіч, Кася Камоцкая, Міхаіл Валодзін і інш.
Уваход вольны.