Прэзентацыя кнігі Алеся Зайкі

Выдавецтва “Тэхналогія” запрашае на прэзентацыю кнігі Алеся Зайкі “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны”, якая пройдзе 25 чэрвеня а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (Мінск, вул. Янкі Купалы, 4).

Гэтая кніга — першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі — радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Запісы фальклорнага матэрыялу зроблены даследнікам у 1969—2014 гадах.

Алесь Зайка — спецыяліст у галіне лакальнай этналогіі. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучае дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Аўтар кніг “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011), “Населеныя пункты Івацэвіччыны” (2012), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2014).

Даведкі праз тэл.: +37529 325 24 23

https://www.facebook.com/technalohija

Паводле прэс-рэлізу