Прэзентацыя біяграфіі Рамана Скірмунта

15 лістапада а 18-й гадзіне ў канферэнцыйнай залі гатэля «Манастырскі» (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука “Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”.

Кніга выдадзена ў выдавецтве Змітра Коласа пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Аповед пра жыццё і смерць Рамана Скірмунта запрашае даследчыка і чытача да размовы пра лёс Беларусі і Польшчы ў ХІХ–ХХ ст., пра ролю «польскага чынніка», а таксама суадносіны нацыянальнага і сацыяльнага ў айчыннай гісторыі, пра драму літоўскіх і беларускіх палякаў у эпоху этнакультурнага нацыяналізму, пра краёвую ідэю і краёўцаў як апошніх грамадзян Вялікага Княства Літоўскага, іх пошукі новай Радзімы, а таксама пра гісторыю шляхты гістарычнай Літвы ў перыяд кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў. Адначасна ягоны жыццяпіс ўздымае праблему сутнасці беларускай ідэі і яе папулярнасці, зноўку ставіць пытанні пра адзінства беларускага руху і ролю г. зв. «чалавечага фактара» ў палітычным і культурным Адраджэнні ХХ ст., пра шансы адстаяць незалежнасць БНР у 1918 г. і тым самым далучыцца да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў як «вольная з вольнымі і роўная з роўнымі».

Аўтар манаграфіі Аляксандр Фёдаравіч Смалянчук, вядомы даследчык нацыянальных працэсаў на землях гістарычнай Літвы, у тым ліку краёвай ідэі і яе адэптаў, а таксама адзін з заснавальнікаў он-лайн праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Даследаваннем асобы Рамана Скірмунта і ягонай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці займаецца больш за 20 гадоў. Аўтар збіраў звесткі ў архівах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Расеі, Украіны, Літвы і Латвіі. Апроч таго аналізаваў тэксты ягоных кніг і шматлікіх публікацый у перыядычным друку Расеі, БНР і Польшчы 1900-1930-х гг.

Кніга напісаная ў жанры гістарычнай біяграфістыкі. Асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне ў аналітычны тэкст фрагментаў гістарычных дакументаў, публіцыстыкі Рамана Скірмунта і ягоных прамоваў.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам аўтара Аляксандра Смаленчука і беларускіх гісторыкаў, правядзе сустрэчу Таццяна Вадалажская.

УВАХОД ВОЛЬНЫ

Паводле прэс-рэлізу