Прэзентацыя кнігі “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Аднаго хачу я пажадаць:
Каб ты словы, сказаныя сёння,
Заўтра мог таксама ўслых сказаць.
Леанід Дайнека
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 27 лістапада 2018 года а 17-й гадзіне на мерапрыемства “За крокам крок…” – прэзентацыю кнігі “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”, якая пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука” ў серыі “Беларускі кнігазбор”.
Новы зборнік зацікавіць чытача ўпершыню апублікаванымі раманамі Леаніда Дайнекі “Ілоты” (2015) і “Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда” (2017). Таксама ў аднатомнік вядомага беларускага пісьменніка ўвайшлі найбольш значныя яго вершы і мініяцюры “Герадоцінкі”.
Леанід Дайнека ў 1988 годзе быў удастоены Літаратурнай прэміі імя І. Мележа за раман “Меч князя Вячкі”, а ў 1990 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага за гістарычныя раманы “Меч князя Вячкі” і “След ваўкалака”.
У мерапрыемстве возьмуць удзел: Генрых Далідовіч, Кастусь Цвірка, Сяргей Законнікаў, Леанід Дранько-Майсюк, а песні на вершы аўтара прагучаць у выкананні Алеся Камоцкага і Эдуарда Акуліна.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
(вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: 334-56-21.
Куратар мерапрыемства: вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Шаўчэнка.