Рыбныя пасядзелкі ў кнігарні "логвінаЎ"
Прэзентацыя кнігі Андрэя Адамовіча “Таўсьціла і лешч” адбудзецца 22 сакавіка (бліжэйшы аўторак) у выглядзе рыбалоўных вячорак у кнігарні "ЛогвінаЎ" (Незалежнасці, 37а). Прыходзьце. Пачатак у 19.00.
Вас чакаюць:
Зніжка на кнігу ў 20% (танней больш не будзе)
Кніжка з новай, палепшанай вокладкай (напраўду вельмі зграбная)
Выступы вядомых рыбакоў і літаратараў
Лепшыя ўрыўкі кнігі ў выкананні аўтара
Аўтографы
Крыху пра кнігу. Тры сябры выпраўляюцца ў рыбу. Ці могуць вячоркі з алкаголем ля вогнішча скончыцца панажоўшчынай? А, можа, мясцовыя скрадуць вуды? А што калі сяброў разарве мядзьведзь? Нельга выключаць і сітуацыі, калі нехта з іх утопіцца. Адказы на гэтыя пытанні – у кнізе “Таўсьціла і лешч”. Выданне можна выкарыстоўваць таксама як кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галактычных падарожжах.
Андрэй Адамовіч - паэт, празаік, перакладчык з японскай мовы. Нарадзіўся (1984) і жыве ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2006). За кнігу паэзіі "Дзень паэзіі смерці дзень" (в. 2012) уганараваны прэміяй "Дэбют". Тройчы перамагаў у конкурсах маладых літаратараў (2006, 2010, 2012). Удзельнік міжнародных літаратурных фестываляў ("Кіеўскія лаўры", "Вялікае княства паэзіі", "Вершы на асфальце" і інш). Творы перакладзены на літоўскую, польскую, грузінскую і іншыя мовы.
Паводле прэс-рэлізу