Творчая сустрэча з Грэтай Рутбёль і Ёргенам Гасілеўскі (Швецыя)
Творчая сустрэча з Грэтай Рутбёль і Ёргенам Гасілеўскі — 16 кастрычніка
16 кастрычніка Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае аматараў скандынаўскай літаратуры на сустрэчу з шведскімі гасцямі. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13) пройдзе сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Грэтай Рутбёль і паэтам і раманістам Ёргенам Гасілеўскі. Акрамя пытанняў уласнай творчасці, госці распавядуць пра дзейнасць Шведскага саюза пісьменнікаў, у кіраўніцтва якога яны ўваходзяць.
Грэта Рутбёль (н.1956), старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў: “Літаратурная агенцыя піша пра мяне так: “Грэта Рутбёль доўгія гады працавала спявачкай, а цяпер піша дзіцячую літаратуру, спецыялізуючыся на вершах-песнях і папулярных дзіцячых энцыклапедыях. Дасціпнасць і арыгінальнасць – адзнакі яе фірмовага стылю”. Але пачынала я з раману, тады мне было дваццаць пяць. Цяпер я – аўтарка трыццаці кніжак для дзяцей. Я перакананая, што мы можам распавядаць дзецям пра ўсе аспекты рэчаіснасці, найважнейшае пытанне ў тым, як гэта рабіць. Смерць – адна са з’яваў, пра якую мы абавязаны казаць таксама”.
Ёрген Гасілеўскі (н.1961), сябра Рады Шведскага саюза пісьменнікаў.
Ёрген Гасілеўскі пачынаў як музыка і мастак, але з 1980-х перайшоў на паэзію і прозу. У сваіх дзесяці паэтычных кнігах ён шукае ўласны спосаб самавыяўлення наўзбоч спосабаў традыцыйных. Ягоны апошні па часе раман Hastigheten (“Хуткасць”) прысвечаны зверствам падчас генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе. Асноўныя пытанні тут, хто мае права пісаць пра гэта, чым мы мусім кіравацца і як мы павінны пра гэта пісаць. Гэта галоўныя эстэтычныя выклікі для сучаснай літаратуры, на якіх ён хацеў бы спыніцца.
Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13)
Час: 16 кастрычніка, 19:00.
Уваход вольны!