Вечар памяці Валянціна Тараса
11 лютага 2020 года а 17-ай гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на Вечар памяці паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка Валянціна Тараса, які адбудзецца ў рамках прэзентацыі часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў….”, прымеркаванай да 90-годдзя Валянціна Тараса і 85-годдзя Рыгора Барадуліна.
Пакаленне пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў. Вядомы беларускі даследчык, літаратуразнавец Міхась Тычына пісаў: “Пакаленні ідуць у літаратуру хваля за хваляй, але гоніць іх вецер вялікіх гістарычных падзей, часцей за ўсё пераломных, драматычных. Нездарма шасцідзясятнікаў нейкі час называлі “пакаленнем ХХ з’езду”. Часам іх атаясамліваюць з “філалагічным” пакаленнем пісьменнікаў, што атрымалі ўніверсітэцкую адукацыю. Беларускімі стваральнікамі “духоўнага рэнесансу” 1950–60-х гг. сталі У.Караткевіч, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, А.Грачанікаў, К.Цвірка, Д.Бічэль, Б.Сачанка, М.Стральцоў, Я.Сіпакоў, І.Чыгрынаў, А.Адамовіч, В.Вярба і многія іншыя.
Прадстаўнік таго пакалення Валянцін Тарас пісаў: “Мы ўсе, каго сёння называюць шасцідзясятнікамі, а гэта і я, і Саша Адамовіч, і Навум Кіслік, і Мікола Крукоўскі, і ў пэўнай ступені Васіль Быкаў, хаця ён у многім пайшоў далей за нас яшчэ тады, – мы эвалюцыянавалі”.
Экспазіцыя складаецца з комплексаў, прысвечаных канкрэтным перыядам ў жыцці пісьменнікаў або важным падзеям у гісторыі нашай краіны, на якія адгукнуліся творцы. Прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і архіва сям’і Тарасаў: арыгінальныя фотаздымкі, рукапісы, асабістыя рэчы, творы пісьменнікаў, часопісы, кнігі з дароўнымі надпісамі, якія ілюструюць час творчасці Валянціна Тараса і Рыгора Барадуліна.
Падчас імпрэзы прагучаць успаміны сяброў, калег, родных.
Запрашаем усіх аматараў беларускай літаратуры!
Уваход на імпрэзу вольны.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47