Кандратаў Мікалай Мікалаевіч
Кандратаў Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся 20 траўня 1957 года ў в. Замосце на Талачыншчыне. У 1974 годзе скончыў Коханаўскую сярэднюю школу, паступіў у Мінскі Педагагічны Інстытут на матэматычны факультэт. Па размеркаванні быў накіраваны ў Вілейку, дзе выкладаў матэматыку ў ПТВ аўтамабільнага транспарту.
Зараз працуе праграмістам у Мінскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі. У 2005-м скончыў Беларускі Калегіюм, аддзяленне філасофіі і літаратуры. Напачатку 2003-га стаў сябрам суполкі "Літаратурны квартал" (з 2004 году - "Літаратурнае прадмесце"). Друкаваўся ў зборніках "Літаратурны квартал" (2003), "Дзень паэзіі-2005", часопісах "Паміж", "Дзеяслоў", "Маладосць", "Полымя", газеце "Літаратура і мастацтва" ды інш. Перакладае паэзію з рускай.
Мікола Кандратаў — аўтар кніг вершаў "Возера Рудакова" ("Беларускі кнігазбор", 2002), "Зоркі і вершы" (“Мастацкая літаратура”, 2008).
У паэтычным тэатры "Арт.С" Мікола Кандратаў адзін з арганізатараў задыякальна-паэтычнага праэкту "12 сузор'яў" у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча.