Хільмановіч Уладзімір Іванавіч
Нарадзіўся 6 красавiка 1967 года ў мястэчку Каменка (Шчучынскi раён). У 1984 годзе на выдатна скончыў Ракавiцкую сярэднюю школу. З 1984 па 1991 гады вучыўся на гiстарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўнiверсітэту iмя Янкi Купалы. Паводле адукацыі – гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплінаў. З чэрвеня 1985 па чэрвень 1987 служыў у войску. З 1991 па 1998 гг. працаваў настаўнiкам СШ № 20 г. Гродна, навуковым супрацоўнiкам Беларускага дзяржаўнага музею гiсторыi рэлiгii, метадыстам ГМЦ аддзелу культуры Гарадзенскага гарвыканкаму. У 1998 годзе скончыў аспiрантуру пры кафедры тэорыi і гiсторыi беларускай культуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту iмя Янкі Купалы. У 1997-98 гадах працаваў па кантракце на Гарадзенскім абласным тэлебачанні.
Сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. У 2000-2003 – намеснік старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі БАЖ. Сябра Міжнароднай асацыяцыі журналістаў. Краязнавец, укладальнік календароў, футбольны статыстык.
Друкаваўся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Гродзенская праўда”, “Футбол Беларуси”, “Прессбол”, “Пагоня”, “Биржа информации”, “Наша ніва” і інш. З 2004 году друкуецца ў беластоцкай газеце “Ніва” і на інтэрнэт-сайтах. З чэрвеня 2008 году стала супрацуе з Беларускім Радыё Рацыя (Беласток) – аўтарскія праграмы “Краязнаўчыя кропкі”, “Беларускае золата”, “Даты тыдня”, “Рацыя ў падарожжах” . У 2002-2004 разам з Віктарам Сазонавым быў выдаўцом і рэдактарам інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню “Свой Лад”.
Аўтар укладзенага, але не выдадзенага зборніка афарызмаў “Сярпом па пальцах”. Друкаваліся ў газетах “Пагоня”, “Ніва”, літаратурным дадатку газеты “Новы час”. Літаратурныя творы надрукаваныя ў альманаху “Новы замак”.
Бібліяграфія:
“Праз адукацыю – да грамадзянскай супольнасці” (серыя з 10 брашураў для настаўнікаў, пад рэдакцыяй Пшэмыслава Фенрыха, Уладзіміра Хільмановіча). Шчэцін. 2001-2006.
„Białoruskie wędrówki” (pod redakcja Uladzimira Chilmanowicza, Przemyslawa Fenrycha, Bogdana Twardochleba). Szczecin. 2006.
“Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень”. Вільня. 2007.
“Дапаможнік вясковага лідара”. Пад рэдакцыяй Пшэмыслава Фенрыха, Уладзіміра Хільмановіча. Шчэцін-Гародня. 2009.
„Białoruski kalendarz historyczny”. Białystok. 2011.
“Усе галы і пенальці фінальных частак чэмпіянатаў свету па футболе (1930-2010) і Еўропы (1960-2012)”. Статыстычны даведнік. Гародня. 2013.
“Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны”. Гародня. 2014.
“Беларускае золата”. Літаратурна-краязнаўчыя нарысы. Беласток. 2014.
“Памятныя мясьціны 1863 году на Гарадзеншчыне”. Гародня. 2015.
“Каляндар Слонімшчыны” (у суаўтарстве з Сяргеем Чыгрыном). Мн., 2018.