Цімафеева Юлія Пятроўна
Юлія Цімафеева (Yulya Tsimafiejeva, Julia Tsimafejeva), паэтка, перакладчыца.
Нар. 12.01.1982 г. у в. Спярыжжа Брагінскага р-на Гомельскай вобл. Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладніцкую майстэрню. Адна з заснавальніц і рэдактарак інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет". Каардынатарка Школы маладога пісьменніка пры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Жыве ў Мінску.
У 2012 годзе дэбютавала ў міжнародным жаночым слэме (Мінск) і ўвайшла ў тройку пераможцаў, саступіўшы толькі Сольі Крапу (Швецыя) і Веры Бурлак (Беларусь). Пераможца ў прозе конкурса для маладых пісьменнікаў "Экслібрыс", арганізаванага ГА "СБП" у 2012 г.
Аўтарка паэтычнага зборніка "Кніга памылак" (2014), які ўвайшоў у шортліст прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча ў намінацыі паэзія.
Бібліяграфія
Пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў з’яўляліся ў часопісах “pARTizan”, “Паміж”, “ARCHE”, “Дзеяслоў”, газеце “Літаратурная Беларусь”. У 2011 годзе ў сумеснай серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса “ПрайдзіСвет” выйшаў том выбраных твораў Эдгара По, дзе ў ліку іншых былі надрукаваны пераклады апавяданняў “Залаты жук” і “Калодзеж і ківач” .