Барыс Пятровіч. Пуціна
— Гэтыя дзве аповесці абсалютна розныя — у першай бачыцца цяжкая пісьменніцкая праца, другая — лёгкая, натхнёная, месцамі чытаецца, як паэма. Часам нават здаецца, што іх пісалі два розныя аўтары. Але аб’ядноўвае іх трывожнасць, якая прысутнічае практычна ва ўсіх творах. Некалі даўно мне падавалася, што гэтае пачуццё, можа, ёсць эмацыйным перабольшаннем, уласцівым чуйнаму характару пісьменніка, — распавядае Сяргей Дубавец.
— Аднак за мінулы год у нашым жыцці ўсё памянялася. Зараз мы кожны дзень чуем слова “вайна”, сталі сутыкацца з тым, што людзі дапускаюць магчымасць вайны, якая робіцца настолькі блізкай і верагоднай, прычым на масавым узроўні, калі ўжо не казаць пра прапаганду з экранаў тэлевізараў. Цяпер далёкая нота трывожнасці, якая прысутнічае ледзь не ў кожнай фразе Барыса, набывае актуальнасць настолькі вострую, што сумненні ў яе мэтазгоднасці адпадаюць. Трывожнасць накладаецца на сённяшні дзень. Месца літаратуры ў жыцці, адказнасць пісьменніка перад грамадствам становяцца рэаліямі часу, і асоба Барыса Пятровіча непасрэдна асацыюецца з гэтымі рэаліямі, — рэзюмаваў спадар Дубавец.
Глядзіце таксама: Новую кнігу Барыса Пятровіча «Пуціна» прэзентавалі ў Мінску