Гарбузік № 2: літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах
Першы выпуск альманаха выйшаў летась, прамінулай вясной, і стаўся папулярным, сярод іншага, дзякуючы кардоннаму замку, які можна было склеіць уласнаручна.
Сёлета "фішкай" нумару сталася гульня-"хадзілка", гэтак распаўсюджаная сёння ў дзіцячых часопісах і аднак не дужа папулярная ў беларускіх выданнях для дзяцей. Тэма "хадзілкі", намаляванай Дзмітрыем Шылам, адпавядае агульнай задуме выпуску – "цудам свету". Але рэдакцыя альманаха на агульнавядомых спісах цудаў не спынілася: ёсць жа і ў Беларусі свае дзівосы!
Хіба Крыж Еўфрасінні Полацкай для беларусаў менш важны за піраміду Хеопса? Ды і архітэктурай адной рэдкалегія таксама задаволіцца не магла. Гэткімі ж цікавымі для чытачоў тэмамі ёсць, напрыклад, звяры і птушкі, міфалагічныя істоты. Яны ж для ўсяго свету агульныя: дзе ёсць дамавік, там знойдзецца месца і для гномаў з іх застольнай песняй аўтарства Джона Толкіна (і ў перакладзе Андрэя Хадановіча). Дзе маюцца Асілкі і Жар-птушкі, там з'явіцца і зусім нястрашная Лахнэска (створаная пісьменніцай Аленай Масла і мастачкай Вольгай Раманюк).
“Кожны выпуск "Гарбузіка" ствараецца з улікам дзвюх важных рэчаў: узрост чытача і цікавая для яго тэма, – распавядае рэдактарка альманаха Вольга Мазурава. – Ад пачатку было ясна, што займальная актуальная чытанка аднолькава патрэбная як дашкалятам, так і малодшым шкалярам. Таму мы чаргуем выпускі: першы "Гарбузік" быў адрасаваны перадусім для дзяцей дашкольнага веку. Новы выпуск, "Цуды свету", разлічаны ўжо на крыху сталейшых чытачоў, і змест мае адпаведны.
Наступны "Гарбузік" выйдзе зноўку для малятаў. Натуральна, і тэма будзе ўзятая найперш пад іхныя густы ды патрэбы. Пакуль рэдакцыя абірае паміж дзвюма тэмамі наступнага выпуску: "Поры года" ці "Літары ды лічбы". Вядома ж, нам будзе прыемна і важна пачуць галасы нашых чытачоў ды іх бацькоў з гэтай нагоды!”
Як гэта й павялося, альманах выйшаў разнапланавы паводле жанраў, рубрык, характару афармлення. Для выпуску было задзейнічана некалькі дзясяткаў творцаў, у тым ліку і малых чытачоў і чытачак з іх уласнымі літаратурнымі творамі і малюнкамі.
Другі выпуск альманаха шукайце ў кнігарнях:
“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); кнігарня “Логвінаў” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К. Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральная кнігарня” (пр-т Незалежнасці, 19); “Кніжная шафа” (пр. Дзяржынскага, 9), “Галіяфы” (вул. Старавіленская, 6).
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"