Ксенія Шталенкова. Губернскі дэтэктыў
1875 год. У маёнтку Пракшыных адбываецца забойства. Асоба ахвяры невядомая. Труп знойдзены ў флігелі памагатага пана Пракшына, інжынера Штэйна. Штэйна робяць скрайнім, і галоўная гераіня – Яўгенія Пракшына – бярэцца разблытаць справу. Загваздка толькі адна – дукат, знойдзены на месцы забойства.
“Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах” прэзентавалі як класічны дэтэктыў. Але ці так гэта?
У пабудове дэтэктыўнага твора (раман, аповесць, навэла – ёсць жанравыя варыянты) аўтар мусіць трымацца шэрагу правілаў. Для пачатку – спіс персанажаў. Гэта злачынца і дэтэктыў (у Ксеніі Шталенковай – аматар), кампаньён дэтэктыва (гэтую нішу займае бацька галоўнай гераіні), пацярпелы (у нашым выпадку – галоўны падазроны), сведка (іх у “Губернскім дэтэктыве” некалькі), памагаты (найчасцей – прадстаўнік афіцыйных уладаў, і гэты ж варыянт абрала Ксенія Шталенкова). Словам, тут мы маем поўны набор.
Уласна правілы напісання дэтэктыву маюць варыяцыі. Напрыклад, англійскі майстар крывавага жанру Уілард Хэцінгтан вылучыў 20 “запаветаў”; Рональд Нокс кажа пра 10 правілаў. Хэцінгтан сярод іншага зазначае: “Каханне пад забаронай. Гісторыя мусіць быць гульнёй у квача не паміж закаханымі, а паміж дэтэктывам і злачынцам”.
Калі згадаць майстроў дэтэктыву, яны дазвалялі сабе адступіць ад правіла: Холмс быў скароны ракавой Ірэн Адлер (“Скандал у Багеміі” Дойля), Пуаро меў сардэчную слабасць “у рэтраспектыве”.
Істотнае не самое адступленне, але значэнне любоўнай лініі ў дэтэктыўным творы. У згаданых класічных выпадках гэта былі ўсяго толькі эпізоды, яркія, але па вялікім рахунку – нязначныя.
У Ксеніі Шталенковай лінія кахання паміж галоўнай гераіняй-дэтэктывам і Андрэем Падгорскім займае львіную долю аповесці. Тут, уласна, і зарыты сабака: “Губернскі дэтэктыў” – твор пра дзяўчыну, якую аднолькавае займаюць расследаванне і справы амурныя. Дэтэктыў – адна з частак аповесці, але не аснова яе (як таго, можа быць, хацелася б).
Што датычыць “стаўпавых” правілаў, іх Ксенія Шталенкова збольшага трымаецца. Злачынец згадваецца напачатку рамана. Ніякіх іншасветных сіл і анамалій. Сам дэтэктыў не з’яўляецца злачынцам. Улікі адразу ж прадстаўляюцца чытачу, так што ён нароўні з дэтэктывам можа дайсці да разгадкі злачынства. Ніякіх двайнікоў.
Парушае аўтарка пункт, згодна з якім дэтэктыву не мусіць дапамагаць шчаслівы выпадак.
І зноў жа: адступленні ад правілаў не зніжаюць якасць твора, таму што твор адпачатку не будаваўся як класічны дэтэктыў. Расследаванне выступае фонам для галоўнай гераіні, фонам для развіцця любоўнай лініі.
Як бы між іншым Ксенія Шталенкова закранае класічныя балячкі белліта: паўстанне Каліноўскага, рэпрэсіі, самавызначэнне, праблема мовы. Маюцца карцінкі з жыцця Менска напрыканцы ХІХ стагоддзя. Падаюцца яны эскізна, таму нельга сказаць, што “Губернскі дэтэктыў” – энцыклапедыя гісторыі Менска. І ў гэтым неаспрэчны плюс: спакуса ўвапхнуць у тэкст мага болей цікавостак вялікая, але Ксенія трымалася галоўнай задачы – распавесці гісторыю Яўгеніі Пракшыной.
З жанрам разабраліся. Цяпер – пра мову.
“Губернскі дэтэктыў…” – чыстай вады эксперымент. Так, дзея адбываецца ў 1875 годзе. Галоўная гераіня – дзявіца са шляхотнай сям’і, а галоўнае – інтэлігентнай. Яўгенія Пракшына захапляецца пісьменствам, што адбіваецца на ейным светабачанні. Да прыкладу, самую сябе і сітуацыі амурнага кшталту яна прымервае да вядомых сюжэтаў Джэйн Осцін. Накладае адбітак моднае тады англафільства: у высакародныя звароты ўключаюцца англіцызмы, таксама, як прыкмета часу, -- паланізмы і французскія звароты.
Мова ўказвае на час дзеі, атмасферу, у якой дзейнічаюць персанажы, характарызуе саміх персанажаў. Аповед вядзецца ад трэцяй асобы, і ўсё адно дзеянне для нас паўстае праз бачанне Яўгеніі. Усё, што застаецца па-за зрокам гераіні, для нас недасяжна.
Думаецца, не апошнюю ролю ў гэтым эксперыменце адыграў рэдактар – Людміла Рублеўская, пісьменніца, якая выпусціла цэлую тэтралогію, стылізаваную пад стагоддзі мінулыя. І ёсць верагоднасць, што “Справа аб крывавых дукатах” займее частку тае аўдыторыі, якой палюбіліся прыгоды Пранціша Вырвіча.
Але і яны сутыкнуцца з тэкстам больш складаным, чымся тэксты Людмілы Рублеўскай: датычна апошніх справядліва казаць пра стылізацыю пад стылізацыю, то бок, мова падобных твораў Рублеўскай – гэта гульня, але не рэканструкцыя.
Ксенія Шталенкова. Фота Вікторыі Чаплевай
А вось Ксенія Шталенкова паставілася да рэканструкцыі мовы ўсур’ёз. Мяне як аглядальніка гэта цешыць, бо тут бачная вялізная праца аўтара, яго паважнае стаўленне да работы. А вось у дачыненні да чытача прагнозы менш аптымістычныя. Калі мова твора адрозніваецца ад мовы таго часу, у якім кніга публікуецца, патэнцыйная аўдыторыя кнігі немінуча звужаецца. Аматараў пачытаць па-беларуску няшмат, што не сакрэт. Яшчэ менш ахвочых падладжвацца пад іншую эпоху. І справа зусім не ў лексіцы. Гэта абсалютова іншы тэмп аповеду, гэта вялікая колькасць складаназалежных канструкцый, для сучаснасці не харатэрных, так што кніга ў 200 старонак чытаецца павольна, у тэмпе ХІХ стагоддзя. Застаецца спадзявацца, што аўтарка ўсведамляла рызыку, на якую ішла.
Асаблівасць стылю немінуча выклікае з небыцця рамантычную літаратурную традыцыю. Галоўная гераіня – узорная: усведамляе абавязак перад сваім родам, займаецца фізічнымі і разумовымі практыкаваннямі, добрая да слабых і няшчасных, але строгая да сябе. Сям’я гераіні – беззаганная. Маем кантраст галоўнай гераіні з ейнай сяброшкай. Ёсць клішэ ў сюжэтных вузлах: сустрэча з рамантычным героем, няўдачы, якія паварочваюцца ўдачай, і іншае, пра што нельга сказаць, не папсаваўшы інтрыгу. Зноў жа – асаблівы гумар, нязлоснае пакепліванне, што нагадвае пісьмо Джэйн Осцін, якую так любіць галоўная гераіня. Да слова, сама яна больш падобная да Кэтрын з рамана “Нортэнгерскае абацтва”, чымся да міс Бэнэт.
Рэзюмуем: Ксенія Шталенкова паставіла за мэту напісаць твор пра ХІХ стагоддзе ў стылі таго самага стагоддзя, паклаўшы ў аснову рамантычную гісторыю на фоне дэтэктыўнай драмы. Сваю задачу яна выканала беззаганна. Пытанне ў іншым: ці шмат сярод беларускамоўных чытачоў аматараў класічнага рамантызму?..
Наста Грышчук, для lit-bel.org.dyskurs.be