Людка Сільнова. Горад Мілаград: Кніга вершаў
Вершы з новай кнігі Людкі Сільновай прысвечаны ўзаемаадносінам чалавека і цывілізацыі, з аднаго боку, і чалавека і прыроды, з іншага. Свет трансфармуецца. Ці застаецца ў ім досыць вольнага месца для шчырасці, кахання, сяброўства, чалавечай годнасці і пачуцця бяспекі? Разам з героямі, якія паўстаюць часам нават з сівой даўніны і легенд, аўтарка даследуе ролю асобнага чалавека ў жыцці сучаснага вялікага горада і інфармацыйнага грамадства. На дапамогу ёй прыходзяць здабыткі сучаснай навукі, музыка і ўласная "тэхніка дэтэктыўнага пісьма".
Кніга прызначана сучаснаму, найперш гарадскому, чытачу з добрай адукацыяй і жаданнем прыстасавацца да хуткаплыннага жыцця ў мега-гарадах будучыні.
Людка Сільнова — паэтка і перакладчыца. Аўтарка кніг паэзіі «Ластаўка ляціць…» (1993), «Рысасловы» (1994), «Зеленавокія воі і іх прыгажуні» (2001), кнігі візуальнай прозы «Агністыя дзьмухаўцы» (1997), кнігі крытыкі «Крышталёвы сад» (2007). Лаўрэатка літаратурных прэмій "Гліняны Вялес" (1994) і "Залаты апостраф" (2014). Сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Творы перакладаліся на польскую, рускую, славенскую, украінскую, чэшскую і іншыя мовы.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"