Мікола Кандратаў. Кроплі дажджу

Мікола Кандратаў. Кроплі дажджу

Калі ў анатацыі да кнігі "Кроплі дажджу" пазначаецца, што аўтар працягвае "сумна-лірычнае пераасэнсаванне свету", то з гэтай думкай не хочацца пагаджацца. Бо вершы Міколы Кандратава — аўтара, які напоўніцу раскрыў свой талент ужо ў досыць сталым узросце, наведваючы суполку "Літаратурнае прадмесце", — насамрэч пакідаюць уражанне станоўчае і сонечнае. Як і сам паэт, творчая манера якога сваёй далікатнасцю і чуйнасцю да навакольнага свету нагадвае пісьмо філалагічнага пакалення. Вершы сучасныя і адначасова класічныя. Яны — нібыта спадкаемцы твораў Максіма Багдановіча. Экспрэсіянізм у XXI стагоддзі? Магчыма. І гэта прываблівае.

***

Над Валожынам воблакі белыя-белыя,

і між іх, аглядаючы свет,

зрэдку храмы і замкаў руіны ўтравелыя,

Страцім-лебедзем сонца плыве.

Паглядае сюды, дзе палацы люструюцца

праз умоўную рысу сцяны.

Залюстрэччам здаецца зямля беларуская,

у якім заблудзіліся мы.

Прываблівае чытача і тэматычная разнастайнасць — ад старажытных вераванняў і філасофіі да прысвячэнняў паплечнікам, калегам і сучаснікам Наталлі Кучмель, Уладзіміру Някляеву, Святлане Длатоўскай, Алесю Квяткоўскаму, Аксане Спрынчан і іншым. Паэтычныя формы таксама розныя — ад санета да верлібра. Праўда, больш гарманічным да аўтара ёсць класічнае вершаванне. Выдатна, калі чытанне паэзіі прыносіць такую ж асалоду, як смакаванне добрага дарагога віна. Новая кніга Міколы Кандратава "Кроплі дажджу"— прыклад паспяховага аднаўлення класічнай манеры ў нашым часе.