Ратуша № 1: літаратурны альманах
“Спытаеш, чаму “Ратуша”? (Да гэтага часу на Віцебшчыне выходзіў альманах “Дзвіна”). Адказ просты. Ратуша для Віцебска — гэта сімвал волі і росквіту. Ратуша — гэта любімае месца віцябчан. Гэта іх гісторыя і сённяшні дзень”, — тлумачыць укладальніца зборніка, пісьменніца, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СБП Анастасія Лазебная.
Жанры, прадстаўленыя ў альманаху — паэзія, проза, эсэ, творы для дзяцей, пераклады, гумарэскі, — паказваюць, наколькі актыўна развіваецца прыгожае пісьменства ў рэгіёне на сённяшні дзень.
У “Ратушу” ўвайшлі творы 37 аўтараў, руска- і беларускамоўных, якія прадстаўляюць розныя пакаленні. Ад маладзейшых — напрыклад, Наталля Гапеева, Алесь Замкоўскі, да старэйшых — Алесь Аркуш, Франц Сіўко.
“Цвік” нумара — кароткая проза Германа Гесэ, перакладзеная на беларускую мову Арцёмам Арашонкам, і нямецкая паэзія з розных эпох у перастварэнні Уладзіміра Папковіча.