Алесь Замкоўскі. Наступны прыпынак
Што застанецца, калі аддаць усё
Абвяшчэнне наступнага прыпынку -- гэта тое, з чаго пачынаецца раніца шараговага мінака. Мы слухаем словы, успрымаючы інфармацыю, і не шукаем у іх паэтычных вобразаў, філасофскіх абагульненняў... Аднак жа "наступны прыпынак" можа гучаць і як дэкларацыя надзеі, нешта кшталту апымістычнага "ўсё будзе добра, бо што б ні сталася цяпер, заўсёды наперадзе наступны прыпынак"... Альбо як палахліва-няўпэўненае: няма патрэбы выскокваць з тралейбуса/аўтобуса/электрычкі ў пагоні за шчасцем, можна пачакаць наступнага прыпынку, можна чакаць яго вечна, усё жыццё ездзячы па коле... Паэтычная кніга Алеся Замкоўскага "Наступны прыпынак" (Мінск, "Кнігазбор", 2018) прымусіць чытача згадваць імя аўтара шторазу, калі лагодны мужчынскі голас прамовіць на роднай мове: "Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак..."
Таму назва зборніка - адназначна ўдалы ход. Шкада, што аўтар (і, магчыма, рэдактар) не быў такім паслядоўным у структураванні кнігі: у пачатку змясціў раздзел "У залатым акне" з рамантычна-ўзнёслымі, а часам нават празмерна сентыментальнымі вершамі пра каханне:
Агонь тваёй пяшчотнае тугі
люструецца у возеры глінтвейну...
Многіх гэтыя вершы будуць раздражняць, а тыя, хто мяркуе пра кнігу па першых старонках, могуць далей і не дайсці. А гэта падманлівае ўражанне пра паэтычны стыль Алеся Замкоўскага: найлепшае акурат у наступных раздзелах "Скрозь бездань сну", "Між глухіх сцяжын", дзе паэтычныя радкі без пафаснай тэатральна-пастановачнай асады.
У першай частцы герой сумленна праходзіць усе "колы амуравага пекла": закаханасць, недасяжнасць мары, прызнанне, фізічная блізкасць, вера ў светлую будучыню, горыч растання... Кожнаму адценню пачуцця прысвечаны некалькі вершаў. Часам сапраўды ствараецца такое ўражанне, нібы аўтар задаўся мэтай адпрацаваць нейкую абавязковую "паэтычную праграму". Дарэчы, верш "У залатым акне", які даў назву раздзелу, ёсць адпрацоўкай эратычнай тэматыкі. І гэта не арганічная для аўтара тэма. Я бачу ў іх пазёрскае жаданне падавацца смелым і разняволеным, а не паэтычную смеласць і разняволенасць.
І калі ў гэтых радках можна ўбачыць "прывітанне" і ад Віктара Шніпа ("завірухі белае віно/не спатоліць сакавіцкай смагі"), і ад Адама Глобуса ("не расказвай пра гэта/нават тату"), то ў творах з наступных раздзелаў - алюзію на Васіля Быкава ("толькі пясок/жоўты пясочак са смакам шэрага попелу"). Аднак найбольш выразна ўсё ж чуем нарэшце голас Алеся Замкоўскага.
Аўтар прапаноўвае герою (самому сабе, чытачу):
выцягні ўсё
што было ў табе
выцягні
і аддай
...аддай
калі ёсць чым усё гэта замяніць
"Гэта" складаецца з аскепкаў будзёнасці, ад якіх чалавек так заўзята ў пошуках прасвятлення імкнеццца пазбавіцца, як ад лішняга цяжару, але без якога насамарэч папросту не існуе. Калі Алесь Замкоўскі прамаўляе свае вершы не як драматычны акцёр з відавочным разлікам на ўхвальныя воплескі залы, а як паэт, што заўсёды сам-насам -- і з часам, і з горадам, і з каханнем, і з радзімай, калі ён ідзе за вобразам, тэмай, гучаннем, а не выбірае тэму ў якасці хатняга задання, мы бачым адметнае, непаўторнае бачанне рэчаіснасці.
У самых цікавых вершах ("***аўтавакзал. мне да самай-самай канечнай", "***выцягні", "***у "хуткіх дапамогах", якія жарсна гудуць", "***не збягай") няма шчымлівых інтымных нотак, затое нашмат больш сапраўднасці. Шматзачныя сімвалы рэчаіснасці, горад з безаблічнымі атрыбутамі пазнавальнасці (бо пазнаем мы найперш не геаграфію, а сябе), штодзённая мітусня, у якой мы губляемся (бо як бы ні імкнуліся "слухаць вечнасць, усё адно "чуем выключна сябе")... А. Замкоўскі сапраўды чуе першасны сэнс сцёртых метафар, і ўводзячы іх у паэтычны кантэкст, вяртае нам нашу штодзённасць.
Жана Капуста