Альжбета Кеда. Пра тое, што люблю
Шматтэмнасць, карагод імёнаў, лічбаў, падзей, зменлівасць самога апавядальніка (аўтарка паўстае ў розных узростах — ад дзяўчынкі да сталай жанчыны) — такая стракатасць у змесце магла б кепска адбіцца на кнізе, рассыпаць яе на часткі, між сабой не звязаныя. Пазбегнуць гэтага дапамагае якраз матыў любові, заяўлены ад пачатку. Піша Альжбета Кеда пра найдаражэйшае, што ўкладаецца ў класічны трохкутнік: сям’я — справа жыцця — радзіма.
Аўтарка слушна адцеміла, што назва яе кнігі незвычайная. Аргументуе наступным чынам: “…у сённяшнім свеце нянавісці і лухты для любові няма месца”. Так, паасобныя выспы радасці. І ў гэтым даволі катэгарычным выказванні (калі не сказаць – наіўным) адразу бачыцца рамантычная асоба аўтаркі. Хто, як не рамантык, ідэалізуе мінулае, забываючыся на пандэміі чумы, жорсткія расправы ў феадальным грамадстве, мясарубкі сусветных войнаў, словам – нязменную хцівасць чалавечай прыроды?..
І ўсё ж спадарыня Альжбета не памылілася ў галоўным. Кніга сапраўды незвычайная. І сапраўды – праз матыў любові. Але не таму, што ёй няма месца ў сённяшнім свеце, — карэктней было б сказаць, што на ёй не акцэнтуецца ўвага ў сённяшняй літаратуры. Любоў, каханне так ці іначай прысутнічаюць у любым творы. А вось любоў як цэнтральны вобраз, кампазіцыйная звязка кнігі… Зусім іншая справа. І наколькі цёмная вокладка “анталогіі пачуццяў”, настолькі ж светлы яе змест.
Кажучы “Пра тое, што люблю”, цяжка пазбегнуць схематычнасці. Бо кожны з сямі раздзелаў варта разглядаць асобна. Бо кожны з іх мае асаблівы настрой, адметную інтанацыю, цэласнасць, абумоўленую адной загалоўнай тэмай. Быццам бы некалькі кніг пад адной вокладкай. Вось гід па мастацкім жыцці Гародні (з экскурсамі ў мінуўшчыну). Вось кніга ўспамінаў, яркіх, праніклівых, бо — з дзяцінства. І вельмі верагодна, што раздзел пра “родную Карэліччыну” для многіх чытачоў станецца ўлюбёным. Якраз праз гэтую непасрэднасць дзіцячага ўспрыняцця свету, якое Альжбета Кеда здолела ўзнавіць вельмі праўдзіва, без налёту літаратуршчыны. Вобразы маці, бабулі, вяскоўцаў атрымаліся больш пераканаўчымі за накіды з даўно вядомых партрэтаў Купалы, Багдановіча, Геніюш. Магчыма, справа ў навізне?..
Да слова, славутых асоб Беларусі Альжбета Кеда таксама любіць: прысвяціла ім некалькі раздзелаў і безліч эсэ (асаблівая ўвага — жанчынам-творцам). І тут не толькі філалагічны інтарэс, але і цікаўнасць да чалавечых лёсаў. Пра што б ні пісала аўтарка — атрымліваецца надзвычай асабіста, нават інтымна. Пры гэтым не ўзнікае непрыемны эфект пад назвай “класік і я”, характэрны большасці падобных успамінаў.
Але ўзнікае іншая праблема. Бязмежна захапляючыся светам творчай інтэлігенцыі, аўтарка не можа пазбыцца ўрачыста-ўзнёслай інтанацыі. Дый не імкнецца да гэтага. Не здагадваючыся, што выпадковы чытач, якога можна было б зацікавіць беларускай культурай, хутчэй за ўсё пачне сумнявацца ў аўтарскай шчырасці. Свет літаратуры і філолагаў, у якім жыве спадарыня Альжбета, бачыцца ёй вытанчаным, узнёслым, лепшым між усіх магчымых. Не дзіўна, што яе так абурыў “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” — і ўвогуле ўсякія замахі на беларускія святыні. Не выпадае сумнявацца ў шчырай любові аўтаркі да Купалы і Багдановіча. Але ці не нашкодзіць ім — дакладней, іх вобразам у сучаснасці — празмерная абарона?..
Пішучы пра адну пісьменніцу, згадваеш другую — Марыю Роўду. Яны вельмі розныя: рамантычная і скептычна-разважлівая, сур’ёзная (у стаўленні да сябе, справы, “святыняў”) і іранічная. Але ёсць у “Клінічнага выпадка…” Роўды і “Пра тое, што люблю” Кеды схожыя матывы, якія вырастаюць з прыналежнасці аўтарак да выкладчыцкага войска. Якое, не маючы іншай зброі, акрамя чалавечай сумленнасці й годнасці, вядзе “падрыўныя”, па меркаванні пільных калегаў, дзеянні. З гэтае нагоды спадарыня Марыя ўзброеная скепсісам і іроніяй. З гэтае нагоды Альжбета Кеда пакінула ўлюбёную справу (пра што — у апошнім раздзеле кнігі).
Цяжка не заўважыць, як любоў аўтаркі да Гародні ператвараецца ў ваяўнічае сцверджанне яе, Гародні, асаблівага значэння. Для культуры, гісторыі — увогуле, усяго беларускага. Бо — каралеўскае места. Ці Правінцыя – з вялікай літары, г.зн. з іроніяй. Пры ўмове, што ніхто гэтае “асаблівасці” не аспрэчвае, не змяншае ролі славутага горада, такія настроі падаюцца як найменей дзіўнымі. Але пры ўсіх сумневах неаспрэчнай застаецца карысць працы, праробленай пісьменніцай, яе асветніцкае значэнне.
“Пра тое, што люблю” — кніга, шчыльна заселеная людзьмі. Але нязменную супрацьвагу ім складае свет прыроды, зёлак і квецені, успадкаваны аўтаркай ад маці і бабулі, ад Палеяў беларускай літаратуры — Зоські Верас, Ларысы Геніюш. У добрым сэнсе прадказальна, што Альжбета Кеда захапляецца “расквечанай” паэзіяй Валянціны Аксак. І ўсё ж зазначае: “…шчасце адзіноты, шчасце між кветак — хутчэй прывід. Прыдуманае, створанае. Для паэтак якраз”.
Сама ж спадарыня Альжбета, пры ўсёй сваёй узнёсласці, жанчына зямная. “Я — гэта суцэльныя супярэчнасці”. Яе кніга — таму пацверджаннем.
Наста Грышчук, для lit-bel.org.dyskurs.be