Анатоль Бароўскі. Воляй абраны: Раман
Гістарычны раман Анатоля Бароўскага працягвае айчынную каліноўскіяну: следам за творамі Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Якімовіча, Уладзіміра Арлова, Алеся Наварыча, як бачым, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя кнігі. Цікавасць да паўстання нядаўна была актывізаваная святкаваннем 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага супраць Расійскай імперыі.
У сваёй кнізе Анатоль Бароўскі засяродзіў сваю ўвагу на каханні кіраўніка паўстання і яго нарачонай Марыі Ямант, якое яны пранеслі праз віхуры і здзекі, вытрымаўшы і перамогшы, выстаяўшы і даказаўшы, што вышэй пачуцця нічога ў свеце не існуе.
Паралельна з гэтай тэмай, як сцвярджае анатацыя да кнігі, «аўтар паспрабаваў разабрацца ў тым, чаму вызвольнаму паўстанню, нават задоўга да пачатку яго, была наканавана параза. І – перамога. Бо імя Каліноўскага і яго духоўны подзвіг застануцца ў памяці нашчадкаў на вякі…».
Анатоль Бароўскі – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 года. Ён аўтар кніг прозы «Каліна пад акном» (1987), «Азірніся ў каханні» (1994), «Чорны бусел – чорны цень» (1997), «Пякельны рай» (2002) і іншых. Выступае таксама як паэт і выдаў кнігу вершаў «Заручуся з бліскавіцай» (2007). Больш за пятнаццаць гадоў узначальваў Анатоль Бароўскі Гомельскую абласную арганізацыю ГА «Таварыства беларускай мовы». Сёння – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».