Новы замак № 4: літаратурны альманах

Агульнавядома, што Гародня ўвесь час знаходзілася ў авангардзе літаратурнага жыцця Беларусі. Пачынаючы з часоў “нашаніўства”, калі тут арганізаваўся гурток беларускай моладзі, першая суполка для знакамітай Зоські Верас, да эпохі БНР, шасцідзясятніцтва Васіля Быкава іАляксея Карпюка, Дануты Бічэль, трывалых цэнтраў беларушчыны на падворку Ларысы Геніюш ў Зэльве, у музеі Алеся Белакоза ў Гудзевічах – і аж да 1980-х, калі ў Гродне з’явілася суполка постмадэрністаў Юры Пацюпы, Андрэя Пяткевіча, Юры Гуменюка, Эдуарда Мазько. Жыццё на памежжы сутыкала гарадзенскіх літаратараў з польскай, літоўскай, рускай культурамі, што дабратворна ўздзейнічала на іх творчую манеру і светапогляд.
У 2010-я гады Гродна застаецца пунктам прыцягнення творчых сіл, нягледзячы на моцную і традыцыйную для Беларусі цэнтралізацыю ў Мінску. Тут ствараюць нацыянальную літаратуру паэты і празаікі, барды і крытыкі, перакладчыкі і эсэісты.