Юры Несцярэнка. Звычайны шоу-бізнес: Апавяданні
Першая празаічная кніга Юрыя змяшчае як аўтабіяграфічныя, так і па-мастацку змадэляваныя сюжэты. Практычна ўсе творы закранаюць музычную тэматыку, у іх гучаць рок, джаз, блюз ды іншыя альтэрнатыўныя жанры. Назва зборніка мае глыбока іранічны кантэкст, абумоўлены як асабістым досведам аўтара, так і агульнакультурнай сітуацыяй у Беларусі.
"Гэта было шчырае пакаленне андэграўнду — калі адстойваць свае густы было небяспечна, але гэта дапамагала знайсці сэнс жыцця. Калі нельга было знайсці патрэбны дыск альбо купіць добры музычны інструмент — затое, калі ўдавалася, яны набывалі нечуваную, немагчымую сёння каштоўнасць, — успамінае ў прадмове да кнігі пісьменніца Людміла Рублеўская. — Жыццё “саўка” з пункту гледжання нефармала... Цяпер гэта ўжо экзотыка — сямідзясятыя, васьмідзясятыя, перабудова.... Першыя канцэрты беларускіх рок-гуртоў, выставы мастакоў-авангардыстаў... Дух вольнасці, безграшовага вальнадумства, які многія, хто пачынаў тады, страцілі на шляху да славы".
Юры Несцярэнка падчас аднаго з выступленняў
Юры Несцярэнка — беларускі літаратар, музыкант, аўтар і выканаўца, стваральнік гуртоў “White Night Blues” і “Nestary Band”. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. Скончыў Мінскі інстытут культуры. Піша прозу, публіцыстыку, перакладае з англійскай, польскай, украінскай, рускай моў. Творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Бярозка», газетах «Літаратурная Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Краязнаўчай газеце» ды многіх іншых.
Музыку Юрыя Несцярэнкі можна бясплатна спампаваць і паслухаць ТУТ.
Гэтую кнігу можна замовіць на KNIHI.BY