Ніна Лістота. Каханнi. Дваццаць рэальных гiсторый
Задума цiкавая: сабраць рэальныя гiсторыi кахання, якiя аўтар чула ад выпадковых знаёмых i блiзкiх сяброў. Задача на самай справе нялёгкая. Па–першае, трэба ўмець слухаць, i каб чалавек захацеў з табой падзялiцца... А па–другое, трэба не ператварыць пачутае нi ў пошлую байку, нi ў слязлiвы расповед для глянцавага часопiса. Аўтару ўдалося збалансаваць на мяжы. «Дваццаць гiсторый кахання рэальных людзей... Дваццаць спроб даведацца, што ж такое яно, каханне па–беларуску. Унiкальнасць зборнiка ў тым, што вы патрапляеце не толькi ў мастацкi свет, але i нiбыта ў рэалiцi–шоу». Героi — самыя розныя. Ёсць вядомыя музыканты, мастакi, тэатралы, ёсць тыя, хто працуе ў сталовай, касметычным салоне цi бальнiцы. Для кагосьцi каханне — выпакутаванае, аплочанае дарагой цаной. Хтосьцi яго губляе, растрачвае. Часам няўменне дараваць прыводзiць да трагедыi. А як сумясцiць творчасць i сямейны побыт? Вось апантаная мастачка выбiрае творчасць — муж–iнжынер такi нецiкавы, праўда? А аказваецца, губляе i сваё мастацтва. Малады хлопец няўдала нырнуў. Страцiў магчымасць хадзiць. Але па iнтэрнэце знайшоў дзяўчыну, з якой стварыў сям’ю... Каханне мае розныя аблiччы, а сутнасць у яго адна.