Зараслава Камінская. Русалкі клічуць
У 2011 годзе Галіна Адамовіч прысьвяціла ёй дакумэнтальны фільм «Маляваны рай». Праз два гады ў Менску прайшла выстава яе твораў, летась яе працы натхнілі дызайнэрак на стварэньне цэлага брэнду шаўковых хустак. А зусім нядаўна ў продаж трапіла першая мастацкая кніга, прысьвечаная Алене Кіш.
«Яна рабіла сваё, нягледзячы ні на што. Нават калі яе лічылі вар’яткай, яна рабіла тое, што любіла», — кажа пра гераіню сваёй містычна-дэтэктыўнай аповесьці аўтарка.
Зараслава Камінская — выпускніца журфаку БДУ. Жыве ў Менску, працуе рэклямшчыцай. Аповесьць «Русалкі клічуць», якая выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» — яе дэбют. Кніга выйшла дзякуючы вучобе Зараславы ў Школе маладога пісьменьніка. Умовай паступленьня на другі год была ідэя кнігі. Зараслава вырашыла, што напіша пра Алену Кіш.
«Яна была самародкам, талентам, які ацанілі толькі пасьля сьмерці. Яна пражыла ўсё жыцьцё адна, у самоце. Хадзіла па вёсках і малявала дываны. Не за грошы, а за кавалак хлеба. Яе лёс і творчасьць адразу мяне зацікавілі, як толькі я сутыкнулася зь ёю», — кажа Зараслава.
Алена Кіш нарадзілася ў 1889 годзе на Случчыне. Пра яе жыцьцё вядома надзвычай мала. Яна была мастачкай-вандроўніцай, малявала дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі. У 1949 годзе яна ўчыніла самагубства, утапіўшыся ў рацэ. Упершыню яе імя шырока прагучала ў 1978 годзе дзякуючы мастаку Ўладзімеру Басалыгу, які сабраў і прадставіў яе працы на І Рэспубліканскай выставе народных дываноў.
«Яна захапіла мяне. Гэта чалавек, які рабіў сваё, нягледзячы ні на што. Нават калі яе лічылі на вёсцы варʼяткай, яна рабіла тое, што любіла. Кіш жыла мастацтвам нават пасьля вайны, калі была галеча. Яна малявала тады, калі, здавалася, мастацтва і не патрэбнае. Але сваёй творчасьцю яна паказала, што мастацтва патрэбнае і ў цямнейшыя часы. Мастацтва Алены Кіш простае, і гэтым яно падкупляе. Мяне ўражвае яе моц і талент», — кажа аўтарка.
У аповесьці «Русалкі клічуць» пераплятаюцца некалькі часавых пластоў. У адным галоўная гераіня — сама Алена Кіш напрыканцы 1940-х. Другі распавядае пра прыгоды студэнткі Лізы ў наш час. У арандаванай кватэры дзяўчына знаходзіць выразкі са старых газэт і дазнаецца пра Алену Кіш. Захопленая яе гісторыяй, Ліза трапляе на сьлед дываноў мастачкі ў адной зь вёсак, дзе пасьля вайны спынялася Кіш. Яна апынаецца ў цэнтры «паляваньня» на спадчыну мастачкі на фоне таямніцаў, здрады, каханьня і забойства.
Гераінямі другога пляну ў аповесьці Зараславы Камінскай сталі русалкі. Аўтарка кажа, што ў беларускай міталёгіі русалка, з аднаго боку, гэта слабая істота, самагубца, якая ўтапілася празь нешчасьлівае каханьне. Зь іншага боку, русалкі — гэта забойцы, якія маглі заказытаць і зацягнуць за сабою ў возера.
«Такая дваістасьць ёсьць у кожным. Гэты шлях ад ахвяры да моцнага чалавека, які можа супрацьстаяць завядзёнцы ці думкам большасьці — Ліза яго прайшла, але Алена Кіш не пасьпела прайсьці. Таму гэта кніга пра пошукі сябе. Пра шлях, які пачынаецца там, дзе ты ня ведаеш, хто ты і што рабіць», — гаворыць Зараслава Камінская.