Міхал Бараноўскі. Volumen.1
Паэт Міхал Бараноўскі вядомы як заснавальнік і аўтар песняў для гурта “Нельга забыць”, супрацоўнік музея і папулярызатар творчасці Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, на словы якіх гурт запісаў адмысловыя канцэртныя праграмы. Першая якраз і дала назву гурту, перасэнсаваўшы вершы з аднайменнага дэбютнага рамана Караткевіча. “Mertvets”, яшчэ адзін альбом “Нельга забыць”, быў запісаны на даволі рэдкія для выканаўцаў тэксты Багдановіча, у тым ліку на чарнавікі і няскончаныя, “забытыя” тэксты класіка.
Аўтарская музычная праграма Міхала мела назву “Месца моцы”, тэксты з яе і прадстаўлены ў зборніку “Volumen.1” асобным раздзелам паэтычнай кнігі.
У самым цэнтры сусвету
На вяршыні лысай гары
Гарыць нязгасна сіняе вогнішча,
Гарыць, ну і хай гарыць…
Тут ладзяцца дзікія скокі,
І цені ўстаюць на дыбы.
Дзе падзеўся ты, мой аднаногі вецер
Свабоды і варажбы?..
Другая частка зборніка “Краг-Крых” змяшчае найноўшыя паэтычныя творы. Усе яны глыбока спавядальныя, часта вельмі асабістыя, але аўтар з’яўляецца хутчэй прыхільнікам мадэрнісцкай эстэтыкі і стварае шматслойныя, разгалінаваныя вобразы, прызначаныя для чытача, спакушанага і ў літаратурных, і ў міфалагічна-біблейскіх алюзіях. Адзнака паэзіі Міхала Бараноўскага – падкрэсленая нетаропкасць, паглыбленасць ва ўласную эмоцыю, метафізічнае ўслухоўванне ў яе.
Кнігу Міхала Бараноўскага “Volumen.1” можна набыць у наступных кніжных крамах Мінска: “Цэнтральная кнігарня”, “Акадэмкніга”, “Кнігі і кніжачкі”, “Кнігарня пісьменніка”, “Веды”.
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”