"Абяцаю, што ўсё асілю я…". Успаміны пра першую дарогу да Жэні Янішчыц
Дата публікацыі: 20.11.2018
32610
20 лістапада Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 70 гадоў. Успамінае Сяргей Панізьнік.
"Абяцаю, што ўсё асілю я…"
Успаміны пра першую дарогу да Жэні ЯнішчыцУ канцы лета 1965 года закончылася мая журналісцкая практыка ў газеце 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі ва Уруччы. Узгадаю, што сяржант гэтай дывізіі ў жніўні 1963 года стаў у Львове курсантам факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча СА і ВМФ. Яшчэ вясной 1965 года ўдалося выпрасіцца на стажыроўку ў “родную” мне дывізію, а па праўдзе – насыціцца радзімай.
У Львоў вырашыў вяртацца праз Баранавічы, каб потым у патрэбнай развілцы накіравацца ў бок Пінска. А на Ясельдзе знайсці Жэню Янішчыц. Зацікавілі першыя публікацыі яе вершаў у рэспубліканскім друку, захацелася ўбачыць гэтага незвычайнага самародка.
Як гэта ўсё адбывалася больш як паўсотні гадоў таму, расшыфроўваю зярняткі радкоў з курсанскай “захаляўнай” кніжыцы.
ДЗЕНЬ ПЕРШЫ
У Баранавічах – непаразуменне. На галоўнай станцыі – Палескай – цягнік не спыніўся. Завезлі на “Цэнтральную”. Адтуль аўтобусам вярнуўся назад. За Баранавічамі сеў на грузавічок і паехаў да Ляхавіч. Калі праязджаў Шчару, то па абодва бакі было добра бачна, як чарнеюць байніцамі доты. Хлопец-шафёр гаворыць, што тут у часы Першай сусветнай вайны тры гады фронт стаяў:
– Па ўсёй Шчары – такія германскія бункеры!
Шафёр працаваў у леспрамгазе, і калі пілавалі ствалы дрэў, дык піла часценька ўядалася то ў калючы дрот, які завяз у камлі, а то ў асколкі…
Горад Ляхавічы стаіць на рацэ Ведзьма. Бачу, што гэта проста ручаіна з гнілымі берагамі.
– Малая то малая, – прыкмячае вадзіцель, – а летась гэтая Ведзьма чалавека ўтапіла…
На маёй зацяглай дарозе вёска Свяціца – апошні з населеных пунктаў па дарозе ад Ляхавіч да Ліпска. Мяне зацікавіла тая Свяціца вось чаму. У Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва паказалі Біблію Скарыны, мноства беларускіх старадрукаў, якія набыў у свой час Іларыён Свянціцкі, стварыўшы тым самым “Беларускі аддзел”. Распавялі мне пра такі подзвіг вучонага яго дачка Вера Іларыёнаўна, удава Анісся Мацвееўна.
Першапачатковае прозвішча яго – Свяціцкі. Бацька Сямён Свяціцкі служыў святаром. І была згадка, што продкі яго – з ваколіц Выганаўскага возера, якое мела ў ХІХ ст. назву Свяціца. А тут мне напаткалася вёска Свяціца – даўняе ўладанне Радзівілаў.
У Ліпску мяне высадзілі. Да Залужжа – 4 км. Прайшоў спакойна. Мне параілі пазней ісці ў Тухавічы, а пасля кіравацца да 10-га шлюза. Сем кіламетраў да Тухавіч ішоў па лесе. У вёсцы дазволілі пераначаваць на гарышчы. Развітаўся з гаспадыняй хаты і маці дзетак Зінай Пацукевіч. Пачалася новая дарога.
ДЗЕНЬ ДРУГІ
І вось я сяджу ў рыбацкай хібары. Хлопчык пакарміў мяне. Мы пакупаліся ў Агінскім канале. Маторная лодка павязе мяне бліжэй да вечара. Прыйшоў час гатаваць перакус. Я начысціў бульбы. “А яшчэ будзе суп з гарохам", – кажа мой кармілец.
Маторкай я праехаў 10 км. Далей канал перасох. А да Целеханаў, мне сказалі, дабірацца ажно 12 вёрст. Рушыў у патрэбным кірунку. Дзесьці ў лесе заўважыў вышку. Агледзеў з яе вышыні ўсю мясцовасць. Не так далёка прыкмеціў будыніны. Рукзак скручвае плечы. Не дапамагае і процівага яму – “Спідола”.
Аказваецца, першай вёскай стала перада мной Вулька-Целяханская. Побач – возера. Заначаваў у добрых людзей. Сытна пачаставалі. Адпачываў у ложку. Гаспадары заможныя. Паснедаўшы, адправіўся ў дарогу.
ДЗЕНЬ ТРЭЦІ
І вось я сяджу каля ліпы ў Цяляханах. Сто вёрст ад Баранавіч – гэта калі напрамкі… Чакаю папутку. З малодшым сяржантам-міліцыянтам даехаў да Лагішына. Далей ён ехаць не заахвоціўся – натросся ў кузаве. А я на спыненай ім машыне даязджаю да Ясельды. Адпраўляюся ў бок Парэчча, на землі Агінскіх-Скірмунтаў. Вёска цікавая, але мне сказалі, што Жэню трэба шукаць у Рудцы, у пяці кіламетрах адсюль…
Прыйшлося мне пешкі вяртацца назад. Па дарозе сустрэўся з аўтобусам, у якім, як пазней даведаўся, ехала Жэня з Рудкі ў Парэчча. А ў вёсцы Рудка я знайшоў яе дом, але Жэні там не аказалася: мы размінуліся. Мяне сустрэла яе мама – лагодная, усмешлівая жанчына. Паказала Жэніны сшыткі. Сяджу, чытаю, перапісваю… Надта ж спадабаўся яе верш “Лівень”. Уразіла:
Я найшчаслівая з самых шчаслівых,
Я – у дарозе вечнай…
Пасля параўнання: “Лівень, лівень! Мой добры хлопчык…” закранула і такое:
Сэрца ў грудзях – маленькі гармонік,Крыху дзёрзкі і бесклапотны.
Дзяўчыне яшчэ і сямнаццаці няма, а творы вельмі “дарослыя”. Перапісаў радкі з верша “Пісьмо да настаўніцы”:
З непрыкметным не выйду ў свет.
Верце мне, Кацярына Васільеўна,
Без трывогі і без прыкмет.
Я паспеў перапісаць у свой сшытак і такія вершы Жэні: “Хутка вернешся”, “Раўчукі”, “Дарогі”… У апошнім – спадзяванні аўтаркі на будучыню, у якой
…І зайграюць гармонікамВерыць аўтар, што прыйдзе час, калі
Пасівелыя вёсны.
Раптам сэрцам адчую я,
Як не згасла каханне.
А я што РАПТАМ адчуў? Раптам убягае ў хату дзяўчынка. Спытаў спачатку, агаломшаны: “Жэня?"
Адказвае: “Так!” Знаёмлюся: “Панізьнік…”
Такая жывая, па-добраму смешная дзяўчынка стаяла перада мною. Нават не верылася, што гэта яна, Жэня, можа пісаць такія кранальныя вершы.
Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спыняецца. Ад Жэні я дазнаўся пра цікавы альманах “Ясельда” і што ў газеце “Полесская правда” за 11 красавіка 1964 года пра яе пісалі як пра маладую паэтэсу, якую любяць “за открытый, восторженный характер”. Пацікавіўся, а з якой нагоды пачалося ў Жэні захапленне вершамі? Дазнаўся, што ў школе рыхтаваліся правесці вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Ёй прапанавалі прачытаць верш народнага паэта. Падумала: надта ж вялікі, цяжка будзе вывучыць на памяць. Лепш я напішу свой! Так і пачалося…
А потым мы сталі чытаць па чарзе вершы. І зараз чую яе шчабятлівы голас:
Прастора і сэрца – насцеж.
Іду, нібыта вясна.
Людзі, бярыце шчасце:
Для вас я яго нясла.
Дзявочыя вершы было надзвычай прыемна слухаць. А па-сапраўднаму таленавітыя – адчуваць на сэрцы свята. Я быў уражаны такому ўваходжанню ў паэзію. Аж зайздрасць брала ад шчаслівасці яе радкоў.
…Потым – палуднавалі. І на Ясельду! Хадзілі па беразе рэчкі з фотаапаратам і “Спідолай”. Гаварылі, пераходзілі кладачку, гаварылі… Мне было вельмі нязвычна, што Жэня называе мяне на “вы”. Колькі не ўпрошваў – хоць бы што.
А пад вечар яна мяне праводзіла аж за дзве вёскі. Я узлажыў рукзак за спіну, а яна паехала на веласіпедзе дадому, у Рудку.
Потым у мяне быў Пінск, а к вечару наступага дня – Львоў. На адрас вучылішча прыходзілі пісьмы з Ясельды, а потым са Свіслачы. Студэнтка БДУ дзялілася і новымі радасцямі, і гаркотаю ад крыўдных неспадзевак. Адразу пасля прыезду з Рудкі я пастараўся перапісаць вершы Жэні і разам з фотаздымкам, дзе яна кладачку пераходзіць, паслаў у газету “Літаратура і мастацтва”.
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін заахвоціўся яе паэзіяй, і вялікая падборка вершаў Янішчыц была ім падрыхтавана і апублікавана. На жаль, здымак-ілюстрацыя быў без подпісу. Але “кладачку тоненькую” згадвалі пазней у прэсе А. Лойка, Р. Бярозкін… Віктар Гардзей пісаў: "…Усмешлівая, шчаслівая дзяўчынка ракрыленай птушкай памкнулася кудысьці ўвысь над вясковымі кладкамі”. А я і сёння ўсцешаны як “хросны бацька” той лімаўскай публікацыі.
Перад выпускнымі экзаменамі ў вучылішчы я напісаў верш, Жэні прысвечаны. Львоўскі архіў разам з паўсотняй ненадрукаваных вершаў на дзіва збярогся, і Аўгінін верш праз паўстагоддзе выплывае насуперак лістападу…
А – Я (Аўгінні Янішчыц)Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спыняецца. Ад Жэні я дазнаўся пра цікавы альманах “Ясельда” і што ў газеце “Полесская правда” за 11 красавіка 1964 года пра яе пісалі як пра маладую паэтэсу, якую любяць “за открытый, восторженный характер”. Пацікавіўся, а з якой нагоды пачалося ў Жэні захапленне вершамі? Дазнаўся, што ў школе рыхтаваліся правесці вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Ёй прапанавалі прачытаць верш народнага паэта. Падумала: надта ж вялікі, цяжка будзе вывучыць на памяць. Лепш я напішу свой! Так і пачалося…
А потым мы сталі чытаць па чарзе вершы. І зараз чую яе шчабятлівы голас:
Прастора і сэрца – насцеж.
Іду, нібыта вясна.
Людзі, бярыце шчасце:
Для вас я яго нясла.
Дзявочыя вершы было надзвычай прыемна слухаць. А па-сапраўднаму таленавітыя – адчуваць на сэрцы свята. Я быў уражаны такому ўваходжанню ў паэзію. Аж зайздрасць брала ад шчаслівасці яе радкоў.
…Потым – палуднавалі. І на Ясельду! Хадзілі па беразе рэчкі з фотаапаратам і “Спідолай”. Гаварылі, пераходзілі кладачку, гаварылі… Мне было вельмі нязвычна, што Жэня называе мяне на “вы”. Колькі не ўпрошваў – хоць бы што.
А пад вечар яна мяне праводзіла аж за дзве вёскі. Я узлажыў рукзак за спіну, а яна паехала на веласіпедзе дадому, у Рудку.
Потым у мяне быў Пінск, а к вечару наступага дня – Львоў. На адрас вучылішча прыходзілі пісьмы з Ясельды, а потым са Свіслачы. Студэнтка БДУ дзялілася і новымі радасцямі, і гаркотаю ад крыўдных неспадзевак. Адразу пасля прыезду з Рудкі я пастараўся перапісаць вершы Жэні і разам з фотаздымкам, дзе яна кладачку пераходзіць, паслаў у газету “Літаратура і мастацтва”.
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін заахвоціўся яе паэзіяй, і вялікая падборка вершаў Янішчыц была ім падрыхтавана і апублікавана. На жаль, здымак-ілюстрацыя быў без подпісу. Але “кладачку тоненькую” згадвалі пазней у прэсе А. Лойка, Р. Бярозкін… Віктар Гардзей пісаў: "…Усмешлівая, шчаслівая дзяўчынка ракрыленай птушкай памкнулася кудысьці ўвысь над вясковымі кладкамі”. А я і сёння ўсцешаны як “хросны бацька” той лімаўскай публікацыі.
Перад выпускнымі экзаменамі ў вучылішчы я напісаў верш, Жэні прысвечаны. Львоўскі архіў разам з паўсотняй ненадрукаваных вершаў на дзіва збярогся, і Аўгінін верш праз паўстагоддзе выплывае насуперак лістападу…
Маленькая дзяўчынка з-за ракі!
Я рады, што на свеце столькі светласці
І ясельдзянскай задумённай ветласці,
І шчырасці – у подыме рукі.
І столькі суму, зменлівых трывог,
І зманлівых сумленне выпадковасцяў…
Асцерагаешся слядоў ад подласцяў?
Пякуцца там, дзе выкінуты Бог…
Маленькая дзяўчынка з-за ракі!
Я рады, што і кладкі робяць хісткімі,
Што смех крынічны надзяляюць віскатам,
Што ходзяць гасцяваць на Саракі.
Што дзесь далёка – не ўсім дайсці,
Як Беларусь мацнее Край – Паэзія.
Што ёсць і праславяншчына: П а л е с с е!
І ўсё, што напаткала ты ў жыцці.
Я рады, што нам столькі выбіраць
І прыбіраць, і нішчыць непатрэбнае…
А сэрцайка ўжо б'ецца не пад рэбрамі,
Калі яму паходняю палаць.
Не мне наказам шчырым паланіцца.
Мне б толькі – у спагадзе – пакланіцца:
– Усё гэта за плечы перакінь,
Маленькая дзяўчынка з-за ракі!
3.VІ.1967, г. Львоў
Сяргей Панізьнік
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"