Адпачываем і развіваемся з “Будзьма беларусамі!”

Мінулы тыдзень быў насычаны на падзеі разам з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і грамадскім аб’яднаннем “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

17 жніўня спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі ў санаторна-вучэбным летніку “Лясная паляна”, што размясціўся ў пагудастым сасновым бары каля вёскі Жодзішкі ў Смаргонскім раёне. Прыезд сталічных гасцей стаўся своеасаблівым развітальным падарункам для насельнікаў летніка – заканчвалася змена, і яны ў той самы дзень меліся раз’ехацца па сваіх родных мясцінах. З-за чаго ў настроі школьнікаў адчуваўся лёгкі сум.

Але ён развеяўся, як толькі прагучалі першыя песні ў выкананні Таццяны – “Кура-шчабятура”, “Маёвая песня”, “Мой родны кут”, “О Беларусь, мая шыпшына”. Спадар Міхась зладзіў для дзяцей і настаўнікаў вершаваную экскурсію па Беларусі, прачытаўшы вершы “Нёман нябесны, “На Браслаўскім замчышчы”, “Тры імгненні Свіцязі”, “Красавік па дарозе ў Заслаўе”. Пісьменнік таксама расказаў, што азначае тапонім Дзярэчын (яго малая радзіма) і прапанаваў прысутным правесці бліц-даследаванне назваў іхніх родных мясцінаў.

Напрыканцы сустрэчы самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы ад ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Ушаччына – сапраўдны паэтычны край, багаты на сінія-сінія азёры, на высозныя сосны, якія суседнічаюць з прыгажунямі-бярозкамі і кашлатымі елкамі. Тут жывуць гасцінныя і добрыя людзі. Тут і размешчаны санаторый “Лясныя азёры”, куды 18 жніўня завіталі паэтэсы – Вера Буланда і Валянціна Осіпава.

Свой  выступ пісьменніцы пачалі з размовы пра асаблівае хараство і лагоду тутэйшых краявідаў, а таксама пра вядомых не толькі ў Беларусі, але і за межамі яе пісьменнікаў: Петруся Броўку, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава ды інш.

Удзячныя слухачы былі ўважлівыя і да філасофскіх разважанняў спадарыні Валянціны, і да лірычнай споведзі спадарыні Веры.

Надоўга запомніцца паэтэсам душэўная атмасфера, якая панавала напрацягу ўсёй сустрэчы. Сярод адпачываючых аказаліся не толькі шчырыя прыхільнікі паэзіі, але і паэты, сапраўдныя, таленавітыя. З Вялікіх Лук, напрыклад, выкладчыца вышэйшай навучальнай установы прачытала свае цудоўныя вершы, яшчэ адна творчая асоба парадавала прысутных вершаваным гумарам. А Аляксандра з Латвіі ўсцешыла ўсіх прызнаннем, што ўпершыню зразумела і пераканалася ў мілагучнасці і незвычайнай прыгажосці беларускай мовы. Шчыра дзякавалі паэтэсам і за вершы, і за цеплыню гутаркі. А радкі з песні “Мы – беларусы” на словы Веры Буланда, музыку Галіны Сёмінай падпавялі ўсёй аўдыторыяй.

Тут, як нідзе, – вясёлкавае неба,

У промнях сонца кружацца буслы,

І славіцца гасціннасцю і хлебам

Мой родны край – азёрны і лясны…

На развітанне выканаўцам вершаў, актыўным удзельнікам гутаркі былі ўручаны падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, часопісы “Дзеяслоў”. 

У гэты ж дзень на Лепельшчыне ўдзельнікаў і госцей фестываля беларускай міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” чакаў падарунак ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”: інтэрактыўныя гульні з пісьменнікам, драматургам Васілём Дранько-Майсюком і майсар-класы па ткацтве і вырабе традыцыйных лялек-выканальніц жаданняў ад суполкі “Terram album”.

У вясёлых гульнях спадара Васіля прынялі ўдзел не толькі дзеці, а і іх бацькі. Удзельнікі гэтай актыўнасці атрымалі карысныя веды і навыкі па правядзенні інтэрактыўнай гімнастыкі (дакладна такая ж як робяць сапраўдныя артысты!). Зрабіўшы такую цудоўную размінку для цела і розуму, удзельнікі прыдумалі і тут жа паставілі спектакль-казку пра Лепельскага Цмока – уладара фестывалю.

Таксама госці маглі пазнаёміцца з прыёмамі традыцыйнага беларускага ткацтва на бярдзе і на дошчачках, пабачыць, як на іх вачах ствараецца сапраўдны цуд – з-пад рук майстра з’яўляецца новы пояс.

А для тых, хто жадаў змяніць сваё жыццё да лепшага, пазбавіўшыся нейкай заганы, праводзіўся майстар-клас па стварэнні лялькі-выканальніцы жаданняў. Нічога складанага, галоўнае – вельмі моцна жадаць і дакладна сфармуляваць сваё жаданне! А таксама верыць у мудрасць продкаў і сябе. Бо кожны чалавек – крышачку чараўнік! Пра гэта добра ведаюць дзеці, але з гадамі і “жыццёвым вопытам” гэтыя веды забываюцца. Гэтым днём кампанія “Будзьма беларусамі!” і яе сябры нагадалі кожнаму, што цуды ёсць і мары здзяйсняюцца. Больш фота тут 

18 жніўня ў чарговы раз сябры кампаніі – рыцары Андрэй Дундукоў і Юры Усціновіч наведалі летнюю спартовую школу “Адампль”.  Гэтым разам яны выступілі перад апошняй зменай  падрастаючых спартоўцаў. Напачатку Юры распавёў пра захапленні роднай гісторыяй і культурай, пра тое, што ў нас былі надзвычай таленавітыя продкі, якія ўмелі бараніць сваю Радзіму  ад ваяўнічых ворагаў-захопнікаў. Потым госці паказаў некалькі баёў на розных відах сярэднявечнай рэканструяванай зброі.

Дзеці з цікаўнасцю слухалі расповед і глядзелі баі.  Напрыканцы сустрэчы рыцары правялі майстар-клас па стральбе з лука. Маладым спартоўцам і адміністрацыі вельмі спадабалася атмасфера таямнічай мінуўшчыны, якую стварылі для іх сябры ГКК “Будзьма беларусамі!”.  Развітанне было па-сяброўску цёплым са шчырымі спадзяваннямі на новыя сустрэчы ў наступны летнім сезоне працы спартовай школы.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!