Адпусціце мяне, Курапаты: у Мінску прайшла вечарына да 60-годдзя Анатоля Сыса

У канферэнц-зале рэстарана "Сёмае неба" гасцініцы "Мінск" прайшло юбілейнае свята паэзіі "Агмень" да 60-годдзя Анатоля Сыса.

Выглядала на тое, што ў залу завіталі ці не ўсе мінскія знаёмцы, сябры і былыя паплечнікі выклятага паэта. Музыкі і празаікі, крытыкі і перакладчыкі, выдаўцы і драматургі, мастакі і журналісты - імя Сыса аб'яднала шмат каго. Разам з тым, як адзначыў адзін з выступоўцаў Сяргей Кавалёў, моладзі ў зале было не вельмі шмат, што азначала, што аўдыторыя была, можна сказаць, мэтавая. Для гэтай аўдыторыі вечарына Сыса адбывалася нібыта пры жывым паэце, нібыта ён не адышоў амаль пятнаццаць гадоў таму. Разам з тым, усе супярэчнасці, звязаныя з Сысовымі тэмпераментам і рысамі характару, перад гледачамі не паўставалі, што дазволіла і выступоўцам-літаратарам, і музыкам засяродзіцца ўласна на паэзіі. Трэба сказаць, што ўсе песні Сержука Доўгушава, Касі Камоцкай, Алега Хаменкі і Алеся Камоцкага на вершы Сыса гучалі ў гэты вечар надзвычайна пранізліва.

Чулымі і шчырымі былі й выступы літаратараў. Драматург і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў распавёў пра сваю новую кнігу, якая будзе прысвечана акурат Анатолю Сысу і створанаму паэтам міфу. Леанід Галубовіч прыгадаў некалькі эпізодаў і сустрэч з Сысом яшчэ на пачатку 1980-х і свой адзіны сон, у які завітаў Сыс і які спарадзіў інспіраваны гэтым сном верш спадара Леаніда. Віктар Шніп распавёў некаторыя экстравагантныя рэчы з дыскатэчнай біяграфіі Сыса, а паэты Ларыса Раманава і Сяргей Сыс гаварылі пра чулае стаўленне паэта да маці, сваякоў, аднавяскоўцаў і ўсёй сваёй роднай палескай зямлі. З далёкага і насамрэч вельмі блізкага Падляшша прыехалі сталыя супрацоўніцы тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва" Ганна Кандрацюк і Міра Лукша, каб падзяліцца з аўдыторыяй і сваім бачаннем паэзіі Сыса, і ўспамінамі пра Гарошкаў, а таксама літаратурнымі навінамі Падляшша. Пра паэзію Анатоля Сыса гаварылі ў гэты вечар паэтка, літаратуразнаўца Аксана Данільчык, паэт і публіцыст Міхась Скобла, паэтка Людміла Сільнова. 

Падчас свята "Агмень" адбылося ўзнагароджанне Літаратурнага конкурса "Экслібрыс", які ўжо не першы год ладзіцца Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сёлета конкурс быў прымеркаваны акурат да 60-гадовага юбілею Анатоля Сыса, а пераможцам быў абраны паэт Міхал Бараноўскі. Дыплом пераможцы Міхалу Бараноўскаму ўручыў старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.

Падвяла рысу пад вечарынай відэапрэзентацыя праекта LITARA-A, падчас якой Дзяніс Бурко на тле Курапатаў зачытаў верш Анатоля Сыса "Адпусціце мяне, Курапаты..." Што нагадала прысутным пра набліжэнне сімвалічнага грамадскага Дня памяці ахвяр сталінскага тэрору, які адзначаецца ў Беларусі 29 кастрычніка.



ЦЧ, для lit-bel.org.dyskurs.be