Алена Ігнацюк выступіла ў Мінску
Творчая вечарына паэткі і культуролага, дацэнта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук Алены Ігнацюк з поспехам прайшла 24 мая ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла. Гасцямі вечарыны сталі чытачы бібліятэкі, сябры ТБМ імя Ф. Скарыны, на імпрэзе прысутнічаў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк. Паслухаць літаратарку прыйшлі Міхась Скобла, Вера Буланда і іншыя паэты.
Добра вядомая ў Пінску аўтарка прадставіла сваю творчасць разам са сваімі студэнткамі, якія чыталі яе творы і выконвалі спевы на яе вершы.
-- Мая матуля Аляксандра Дарагуш была родам з Міншчыны, -- распавяла спадарыня Алена. -- Яна была ганаровым доктарам, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узнагароджана ордэнам Леніна. Яна пабудавала бальніцу ў Восаўцах у свой час. А тата Аляксандр Андрэевіч Ігнацюк быў старшынём мясцовага савета, вельмі таленавітым чалавекам, спяваў, іграў на гітары.Тата перадаў мне дар успрыняцця паэзіі. Дарагой для мяне была няня Фруза, любімая, як другая мама. Яна пражыла сто гадоў і адыходзіла ў той свет як птушка, на Пасху. Пазвалі святара на споведзь, і яна пражыла пасля споведзі яшчэ два гады. Яна паўплывала на мой лёс, пабудавала на зямлі маё шчасце. Тады ў маім жыцці з’явіўся Алесь Іллін, мой муж.
Гасцям імпрэзы быў прадстаўлены відэафільм 1999 года, у якім паэт і тэлежурналіст, адзін з заснавальнікаў берасцейскай грамадска-культурнай сябрыны “Край” Мікола Пракаповіч разважаў разам з Аленай Ігнацюк пра вытокі яе паэзіі. Дзякуючы відэафільму чытачам было лягчэй адчуць свет вобразаў самой аўтаркі і вярнуцца ў часы яе маладосці.
Частка вершаў Алены напісана на палескім дыялекце. Гэтыя творы ўвайшлі ў кнігу “До тебе, світэ”.
У паэзіі Алены Ігнацюк гучаць светлыя хрысціянскія матывы. На імпрэзе ўзгадваліся вершы розных гадоў: “Свята Ганны”, “Такі, як неба”, “Барочныя жаданні”, прагучалі радкі з паэмы “Вербны коцік”. Спадарыня Алена прачытала верш, прысвечаны Чырвонаму касцёлу.
У рэцэнзіі на кнігу Алены Ігнацюк у часопісе “Дзеяслоў” Уладзімір Сівіцкі адзначаў: ”Кніга вершаў “Будзе ўсё наадварот” прадстаўляе новую паэзію Алены Ігнацюк -- па-ранейшаму светла-таленавітую, насычана-таямнічую і мэтанакіравана-свабодную, адметную хараством ацалення і ацаляючую лірычнае светаўспрыманне аўтара”.
На вечарыне выступіў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Бельскі: “Алена нібы птушка-вяснянка завітала ў бібліятэку, каб наладзіць свята паэзіі. Яе эмацыйна-пачуццёвая лірыка перадае высокую красу! Яе паэзія інтуітыўная, медытатыўная, культуралагічная. Па стылю Алену Ігнацюк можна назваць неарамантыкам і імпрэсіяністкай у паэзіі.”
Студэнткі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта выканалі вершы Алены Ігнацюк розных гадоў: "Пеўнік мой залаты”, “Радзімка”, "Несупадзенне”, “Размова з Радзімай”.
Для сваёй каляжанкі пад акампанемент гітары заспявала бард Ала Бяляўская. Музычны падарунак паэтцы перадаў Аляксандр Шукшын, выканаўшы разам з выкладчыцай музыкі Вольгай Воінскай песню Элвіса Прэслі.
Цёплыя словы пра Алену Ігнацюк выказала куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць: “Я працавала з Аленай у былым Скарынаўскім цэнтры, дзе яна была старэйшым навуковым супрацоўнікам. Яна вельмі сціплы і добры чалавек. Яна вельмі любіць прыроду, людзей. Я з задавальненнем чытала яе першыя кніжачкі і здзіўлялася: з якім чалавека я працую разам! Зараз яна – член Саюза беларускіх пісьменнікаў і аб’ядноўвае усіх, хто любіць беларускую паэзію.”
Творчая імпрэза пакінула светлае ўражанне ў душах наведвальнікаў бібліятэкі імя А. Міцкевіча.
Эла Дзвінская, фота аўтара