Анастасія Лазебная пераабраная кіраўніцай Віцебскага абласнога аддзялення СБП
У суботу 20 кастрычніка важная падзея адбылася ў жыцці Віцебскай абласной філіі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – прайшоў справаздачна-выбарчы сход. На сходзе прысутнічала большасць членаў абласной арганізацыі, а таксама Старшыня ГА “СБП” Барыс Пятровіч, першы намеснік – Алесь Пашкевіч, намеснік – Усевалад Сцебурака.
Дзейсны кіраўнік віцебскіх пісьменнікаў – Анастасія Пятроўна Лазебная (Стася Наркевіч), што ўзначальвала аддзяленне на працягу апошніх пяці гадоў, змяніўшы на гэтай пасадзе старшыню Людмілу Сіманёнак у 2013 г., выступіла са справаздачай. Былі адзначаныя поспехі, дасягнутыя на ніве прэзентацый і творчых сустрэчаў праведзеных актывам філіі, станоўчыя змены ў справе пашырэння кола сяброў – за гэты час да арганізацыі далучыліся некалькі новых творцаў, а таксама ў выдавецкай працы – выданні альманаха “Ратуша” і кніг чальцоў абласной суполкі.
Пасля абмеркавання актуальных праблемаў арганізацыі сход перайшоў да выбарчага пытання – падтрыманая абсалютнай большасцю галасоў, Анастасія Лазебная была пераабраная на пасаду старшыні Віцебскай абласной філіі на новы тэрмін.
Сакратарыят ГА “СБП” віншуе новаабраную кіраўніцу і зычыць поспехаў і плёну ў працы!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"