Чэрвень з “Будзьма беларусамі!”

Скончыўся першы месяц лета. Незаўважна (пакуль што) сонца павярнула ўжо на зіму. Але сябры грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” не сумуюць – працягваюць плённа працаваць, сустракацца са сваімі прыхільнікамі, несці цеплыню роднага Слова і яркія фарбы сваёй творчасці па ўсёй Беларусі.

Так, самую кароткую ноч на год (з 23 на 24 чэрвеня) бавіла ў Пружанскай пушчы пісьменніца, этнограф Антаніна Хатэнка. Вось што піша яна аб гэтым чароўным падарожжы.

“Штолета чароўныя дні Сонцазвароту нібы перакульваюць нас, дзяцей інакшага ўжо, тэхнакратычнага, часу, ці то ў самыя бездані старажытнасці, ці нават у першасны Хаос, з якога ўзнікла колісь Усё – Жыццё, Святло, Любоў, Лад.

Хоць не ўсе ў нашым Краі памятаюць і ведаюць сэнс купальскай містэрычнай дзеі, адбыванай у прыродзе і ўсярэдзіне людской свядомасці, не ўсе здольныя размежаваць архаічныя з’явы народнага абрадавага календара і нашмат “маладзейшае” хрысціянскае святкаванне Яна Купалы, але ў Сусвеце ўсё нязменна ПЕРАМЯНЯЕЦЦА. І з летняга сонцастаяння спакваля одумна карацее дзень, а цемра ўпарта адваёўвае правы ў магутнага свяцілы – жывадайніка цеплыні, светлыні, розвітку.

Гаспадары і наведнікі культурніцкага цэнтру “Вясковы рэнесанс” у закінутай пасярод Пружанскай пушчы спустэленай вёсцы Стойлы якраз імкнуцца і ўведаць і зведаць адпачатную “логіку” прадаўніх традыцый (дзеля гэтага й стваралі сядзібу менавіта ў мясціне, напоўненай ледзь не лекавай энэргіяй некалішніх палесскіх свят, а таксама творчай энэргіяй унікальнага разьбяра-скульптара Міколы Тарасюка, пражылага тут свой мудры лёс).

Купалле ў пушчы-дрымушчы гэтым годам аднаўляла непаўторную абрадавую кампазыцыйнасць. Удзельнікі свята збіралі ад ранку, а потым спальвалі ў магічным вогнішчы ўсялякую старызну-рыззё, збаўляючыся ад непатрэбных, аджылых рэчаў, думак, згрызот; ірвалі, нават на сухмяным сёлета поплаве, кветкі-зёлкі; плялі вянкі; майстравалі і аддавалі стыхіі вады рытуальную ляльку Купаўку, сплаўляючы затым з ёю нягоды-нястачы, сваркі-лаянкі; вячэралі блінамі, верашчакай, яечняй, кулагай – на развітанне з Сонцам; выбіралі Купаліша ды Купалінку; выкрасалі жывы агонь; уздымалі ў неба з колам вогнішча; спальвалі ахоўніцу смерці Марэну; шукалі папараць-кветку; спявалі- карагодзілі-танчылі; скакалі-ачышчаліся; варажылі на вянках і... уваходзілі ў новую, але памятлівую плыню быцця на золку.

А яшчэ... Яшчэ прыгадвалі ў аповедах, вершах і песнях бязлітасна-глупотна разбураны меліяратарамі напярэдадні Купалля Мост кахання. Мост над гістарычнай ракой Лясной, што злучаў доўгімі-доўгімі гадамі вёскі і сцяжыны долі, “слухаючы” таемныя шэпты закаханых. Мост, па якім хадзіў да сваёй апошняй любові й пасівелы майстар Тарасюк – адзіны жыхар гаманлівага некалі селішча.

Вядунская папараць-кветка “падміргнула”-такі гасцям ветлай сядзібы: у агромністай альтанцы апоўначы “адкрыліся” таемна “Цуды пад дахам”. Гэтакі незвычайны, невыказна дзівосны вернісаж. Калыхаючыся высозна пад столяю, “гаварылі” міжсобку містычны калядны павук і абярожны купальскі вянок. І лунаў між іх шчасліва расхрыстаны анёл. А людзі, прыпалыя сэрцамі да вытокаў, углядаліся ў гэтую зменлівую касмічную бясконцасьць, заселеную ў адзін дом, да адной святарнай покуці, ад самага споду жыцця – з хмялёва-пахкага сена, разасланага казачным кілімам павяртання ў маленства, маладосць, спадзеўнасць, акрыленасць... У нязрушную абароненасць і ахаванасць тут, на роднай зямлі, у радзімнай прасторы.

Такое вось багатае і шырокае, старавечнае і сучаснае склалася ў кароткую ноч 23-га чэрвеня Купалле. Між Пружан, Жабінкі і Камянца. Між учора і заўтра. Між зямлі і неба. Між змроку і світання. З падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і адкрыццямі, з гоманам і мэдытатыўнай цішай. З яскрыстымі спевамі менскага гурту “Гаманіна” і рупліўцамі-гаспадарамі Ларысай і Аляксандрам Быцко і з усімі, хто кінуўся ў дарогу да папараць-кветкі, у цёмную чару купальскай начы з Берасця, Пінску, Жабінкі, Камянца, Пружан – з гнёздаў нашае паяднанасці.

І папараць-кветка зацвіла. Бо ўсе разам гэтыя людзі знайшлі адказ на вечнае пытанне свету “Дзеля чаго ўсё ёсць?” Папараць-кветка раз’ясніла: “Дзеля Любові. Дзеля навучання чуць Прыроду ў сабе і сябе ў Прыродзе. І зберагаць гэты скарб. І перадаваць яго далей”.

Наступным днём спадарыня Антаніна стварыла яшчэ адно свята для жыхароў вёсачкі Дробаты таго ж рэгіёну…

“Бывае, вёскі знікаюць не з прычыны вайны ці прыроднага катаклізму. Бывае, вёскі папросту змірэнча-ціха сыходзяць у нябыт з людскога нядбайства. Як і людзі, што страцілі мэту жыць. Нават палесскія вёскі (здавалася б, асабліва жыццяздольныя і караністыя).

Бо ж наступ валадароў прыроды панішчае, пагрозліва насоўваючыся, усё, што не ўпісваецца ў жорсткую схему землекарыстання, а таксама – у праграму абязлюджвання вялізных абшараў, здрадліва названую некалі калектывізацыяй.

Калектываў не стварылі. Усіх перасварылі. Усё параскідалі-паразбуралі – “до основанья, а затем...”. І над вёскамі навісла хмара адзіноты.

Цяпер, што ні селішча, з традыцыйным укладам жыцця, мыслення і гаспадарання, з векавечным досведам гарманічнага суіснавання з прыродай, то – здзічэлае поле забыцця і недагляду. Абясточаныя лініі родавых повязяў. Ледзь жывое, ледзь чутнае рэха памяці.

А ўсё ж... Усё ж, насуперак усялякаму ліхадзейству, застаюцца ў вёсках дажываць нялёгкі век мудрыя і адданыя сваёй зямлі людзі. Слухаюць спеў птушак і пошумы бяроз, чакаюць з гарадоў сыноў-дачок з унукамі і аўталаўку з правіянтам, падмагаюць, згадваючы вясёлую талаку, адно другому ў немачах, звыкла корпаюцца ў гародах і... сумна-сумна падзіўляюцца з гэтага звар’яцелага свету, памкнёнага ад выгод натуральных да спакусаў сынтэтычных.

Так, яны за ўсё доўгае жыццё не бывалі ў музеях, тэатрах ці рэстарацыях, гэтыя дзядулі-бабулі з напятымі, бы ўзбуранае карэнне, венамі рук, з троху насмешнымі паглядамі і амаль дзіцячым даверам жыццю (якім бы яно ні склалася!). Іхныя студыі загару – гектаравыя палеткі буракоў ды, здаралася, топкія сенажаці.

Затое, колькі песень смакавалі яны напоўна, нагбом, колькі гульняў-карагодаў зладзілі на шчасце-долю, колькі паданняў ды казак, замоў ды прышэптаў пераказалі некуды ў невядомасць (а раптам некаму спатрэбяцца, нехта ўчуе...)!

І дзіва здарылася. Учулі. Навучаюцца. Пераймаюць манеры спявання. Ды яшчэ і ў госці прыязджаюць – вяртаюць набытак спаўна. Тым, хто ёсць, і спадчыннікам і зберагальнікам неацэннага скарбу краіны – самабытнае яе культуры.

Прынамсі, гэткія “павяртальныя” дарункі час ад часу робіць для астатніх жыхароў памоўклых палесскіх вёсак грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур” на Берасцейшчыне.

Гэтым разам, 24-га чэрвеня, адразу па згасанні купальскага вогнішча па ўзгорках Палесся, спаўняючы гуманітарны праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”, да насельнікаў Дробатаў непадалёк Драгічына завіталі са спевамі, танцамі ды зычлівымі гаворкамі аўтары праекту і спеўны гурт “Гаманіна” з Мінску. І ўладавалі старым з кявенькамі добрае светлае свята.

Падчас сустрэчы йшла цёплая гамонка пра час, пра звычаі, пра шляхі, што гукаюць у далечы з бацькоўскіх дамоў пасталелых дзяцей, пра каханне (на тое ж яны й купальскія дні!) і моц сям’і. Пра жанчын і мужчын, урослых у грунт, з якога толькі й магчыма зачэрпваць сілы і радасці, жывучы ў абдоймах старасці. Пра дзядоў, засейвалых гэты грунт зернем любові. Пра сляды, што, як тэстамэнты продкаў, можна чытаць і расчытваць на памудрэнне і мужнасць – у хаце, на покуці, у садзе, ля весніц і брам, на пажоўклых фатаздымках і пахіленых крыжах. Чытаць з нерушы спамінаў – кожнага пра сваё, пра сваіх, і усіх разам – пра Край, пра век, пра сцямнелае ўчора і бліскавічна пудлівае, але такое вабнае, прыцягальнае заўтра.  

Удзячлівыя вяскоўцы, гэтыя паважныя кабеты ў хустачках – апошнія зберагальніцы ацішэлай ужо міфа-паэтычнай цывілізацыі, гэтыя тры-чаты дзівакі-мужчыны, харобра ўстаялых перад хваробамі і разгублена паселыя на ўгладжаных лаўках, нібы ў кветніку, пасярод цэлай грамады жанчын, услухоўваліся ці не ў кожнае слоўца спяваных гасцямі радкоў: гэта ж – іх песні, іх пачуцці, іх далёка адплылая маладосць, іх надзеі, мары і пошукі... А што бывае больш каштоўным за сустрэчу з родным, ледзь не згубленым, дарагім – сугрэўным на ветаху лёсу, ясным і гэтакім адзіначаканым у самоце знямялых парогаў хат?..

...Разыходзіліся гаспадары і гаспадынькі па сваіх прыбраных, як да вяселля, дварох, чыстых і шчодрых на дабро, быццам знячэўку памаладзелыя – рухава, усмешліва, падбадзёрана. Вось якую магуту трымае-аберагае ў сабе Спадчына!”

25 чэрвеня ў мінскай культурніцкай прасторы “Тартак” у межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася ўрачыстая прэзентацыя першага нумару альманаха «KREVA INCOGNITA”.

Гасцей прэзентацыі віталі сябры рэдкалегіі і аўтары Альманаха, прадстаўнікі Фона “Крэўскі замак”, у тым ліку археолаг, кіраўнік працамі сп. Алег Дзярновіч. На імпрэзе прусытнічалі, як сёлетнія валанцёры, так і мецэнаты. Госці вечарыны перазнаёміліся і атрымалі інструктаж па будучых працах.

Не сакрэт, што археалагічны летнік, які ладзіцца фондам “Крэўскі замак” сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі Беларусі, пройдзе сёлета з 4 па 18 ліпеня. Ахвяраванні, на якія будуць праводзіцца раскопы сёлета, збіраюцца праз прыватных асобаў. Мецэнаты змогуць у знак падзякі атрымаць асобнікі альманаха «KREVA INCOGNITA”.

Альманах з'яўляецца аўтаномным друкаваным выданнем Мясцовага дабрачыннага фонда “Крэўскі замак”, якое плануецца выдавацца штогод. У навукова-папулярным выданні размешчаны вынікі археалагічных раскопаў у Крэва, аналіз стану і хады рэстаўрацыі ды інтэрпрэтацыі спадчыны Крэўскага замка, апісанне і прапановы па захаванні адметных аб'ектаў крэўскай зямлі, нарысы краязнаўцаў. Рэдакцыя Альманаху прымае матэрыялы для друку круглы год.

Завяршылі прыемны вечар музычныя госці імпрэзы – Кацярына Ваданосава & Fantasy Orchestra, якія змаглі песнямі і музыкай стварыць замкавую атмасферу ў 100 км ад самаго Крэва. (фота 13 – 20)

26 чэрвеня нашы сябры з бібліятэкі № 14 імя Ф. Багушэвіча сустракалі ў сваіх светлых пакоях пісьменніка, актора, драматурга Васіля Дранько-Майсюка.

Дзеткі са школьнага летніка СШ № 42 г. Мінска, якія завіталі сюды на творчую сустрэчу, нечакана для сябе апынуліся ў інтэрактыўным тэатры незвычайных гісторый. Спачатку прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадарыня Стася праверыла веды маленькіх гасцей аб роднай мове і літаратуры. Было прыемным сюрпрызам тое, што школьнікі 3-4 класаў хутка і правільна адказалі на ўсе пытанні моўнай віктарыны, назвалі вельмі шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў (а не толькт Я. Коласа і Я. Купалу, як бывае звычайна на падобных сустрэчах) і, самае прыемнае, змаглі прачытаць вершы беларускіх паэтаў. За правільныя адказы і вершы ўсе атрымалі прызы: паштоўкі, закладкі, часопіс “Дзеяслоў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Таксама высветлілася, што некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак карыстаюцца роднай мовай не толькі на ўроках, але і з сябрамі.

Пасля такой “размінкі” школьнікі пад кіраўніцтвам спадара Васіля самі пачалі тварыць. Уключыўшы фантазію напоўную, маленькія творцы разам прыдумлялі незвычайную гісторыю пра Кажана Івана і залаты мяч Раналду. Пачалося ўсё з простай гульні – “назаві слова на роднай мове”. А потым з гэтых такіх разнастайных словаў і пачала стварацца незвычайная гісторыя. Дзеці вельмі камфортна адчувалі сябе ў ролі сапраўдных творцаў: прыдумлялі, спрачаліся, крэслілі, вялі сюжэтную лінію… Цалкам гісторыю хутка можна будзе пачытаць у часопісе “Вясёлка”, дзе паабяцаў надрукаваць яе спадар Васіль.

Такая шчырая, цёплая і па-сапраўднаму ТВОРЧАЯ сустрэча адбылася ў бібліятэцы, дзякуючы спадарыні Тамары Стрыгельскай, якая запрасіла да сябе сяброў ГКК “Будзьма беларусамі!”.

І завяршыўся цыкл чэрвеньскіх сустрэч з “Будзьма беларусамі!” у Верхнядзвінску. Сюды 29 чэрвеня завіталі пісьменнік Аляксей Шэін і спявак, мастак, тэлевядучы Андрэй Такінданг. Спачатку творчы дуэт завітаў у бібліятэку, каб разам з чытачамі сустрэць бібліяноч. Спадар Аляксей натхнёна распавёў пра жанр фэнтэзі ў сусветнай ды беларускай літаратуры. Верхнядзвінцы паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, даведаліся шмат цікавых фактаў пра гэты незвычайны і такі папулярны зараз жанр.

Пасля творцаў запрасілі на фэст “Добры сусед запрашае!” – свята аднаго з шматкватэрных дамоў, у якіх жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны. Хіты Андруся не пакінулі ніводнага ўдзельніка свята раўнадушным: і дарослыя, і дзеці з задавальненнем падпявалі ды прытанцоўвалі пад рытмічныя гукі. 


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!