Дзень памяці Уладзіміра Караткевіча
ПРЫЗЫЎНАГА ЖЫЦЦЯ НЯСТОМНЫ ЗВОН
Трыпціх
Памяці Уладзіміра Караткевіча
/26 лістапада 1930 – 25 ліпеня 1984/
АНАМНЭЗ ВІТЭ
Быў. Ёсць. Буду.
Уладзімір Караткевіч
Боль кінжальны. Рывок: “Скарыцца?
Прад халоднаю нематой?”
Паміраў адзінокі лыцар
з донкіхотаўскай праватой.
Смерць дачасная, ды прычасная
да усіх папярэдніх дзей.
Ах, як часта бярэ, пакручастая,
маладзейшага маладзей.
Столькі ўрокаў і столькі жалю
і запозненых горкіх слоў.
Незапоўненыя скрыжалі
перапоўніла смерць сыноў.
Крэп зямлі. Туманоў прывіды…
Беларусь – як дзіцё спавіта
летапісным прароцтвам сноў.
Мы – уток для яе асноў.
------------------------------------
Анамгнэз вітэ (лац.)—прыпамінак жыцця.
(Зборнік “Стырно”, 1989)
НОСЬБІТ
Ня ржавіў радасьці лямех,
І Караткевіч меў прычыну,
калі сьпяліў гульлівы сьмех:
-- Нясу жанчыну!
Ён уздымаў жытнёвы груз
і топкую таптаў лагчыну…
Крычаў шляхотны беларус:
-- Нясу Айчыну!
А там, дзе бераг абрываў
і прапясочваў спадзяваньне,--
не паддаваўся, а трываў:
-- Нясу каханьне!
Ён выйграў рыцарскі турнір,
на Сьцяг і Герб здабыў адхланьне.
Зноў мовіць нам дняпроўскі вір:
“Нясу спатканьне!”
Будзіцель змог нам перадаць
напор і моц для супраціву,
каб – на краёчку – утрымаць
і вынесьці
зь бяды
Радзіму.
(Зборнік “Пры сьвячэньні…” , 2004)
МАГМА
Прызыўнага жыцця нястомны звон
не абарваўся, гул па нетрах коціцца…
Душа Паэта ў цёплы рай не просіцца,
яна перасяляецца – у стогн…
Так многа ім напісана пра нас
з рашучасцю, заядласцю і смеласцю.
І крышачку паменела сапселасці
у абывацеляў зямных украс.
Вярнуў адных ужо з паўзабыцця,
другім засведчыў права вечнай роднасці
з крынічнаю народнай несмяротнасцю,
з якой і сам адпіў глыток жыцця.
Князь Уладзімір… Апусцеў прыстол,
услаўлены Дняпром, нязмерклай Оршаю…
А чытачы – і лепшыя і горшыя --
яго тамінамі нагрузяць стол.
І назавуць за спадчынную грузь
заслужана народным літаратарам…
… Над словам --
караткевічаўскім кратарам
бясконцай магмай льецца Беларусь.
(Зборнік “Стырно”, 1989)
ПАРНАС КАРАТКЕВІЧА
У гонар здзяйснення
музея Уладзіміра Караткевіча
у Воршы
Дачакаўся і Валодша:
Свята Слова на Дняпры!
За душою ні паўгроша…
Пэўна ж выручаць сябры.
Можа, Кіеў дапаможа:
ім узброены ён быў…
Веды – вось яго заможжа:
ні стагоддзя не забыў!
Паглядзіць князь Уладзімір
на чарговы зарапад:
як мы свет шырокі дзівім
і якочам неўпапад.
Свята Слова… А святое?
Служым рыцарна яму?
…Слухай, сэрца маладое
Караткевіча сурму!
Неспатоленая прага
ходзіць Воршай, носіць рог.
Госці з Грэкаў і Варагаў
да Валодшы на парог:
--Слова зьлюбнае абудзім,
узнадзеім рэха-час.
Ён тут быў.
Ён ёсьць.
Ён будзе!
Не затоіцца ў аблудзе
Караткевіча Парнас!
Сяргей Панізнік
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"