"Дзеяслоўцы" сустрэліся з літаратарамі Оршы і Шклова

Учора ў Оршы прайшла сустрэча рэдакцыі часопіса «Дзеяслоў» з аршанскімі літаратарамі і грамадскімі актывістамі.

У горад на Дняпры прыехала прадстаўнічая дэлегацыя: празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч, першы намеснік старшыні СБП, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў” Алесь Пашкевіч, намеснік старшыні СБП, паэт Усевалад Сцебурака, літаратуразнаўца, прэс-сакратар СБП Ціхан Чарнякевіч.

На сустрэчу ў гатэлі “Орша” сабралося каля трох дзясяткаў гледачоў, прычым многія з іх ехалі здалёк – цэлая дэлегацыя са Шклова на чале з Пётрам Мігурскім прыбыла на запрашэнне аршанскага прадстаўніка ТБМ і Руха “За Свабоду” Юрыя Нагорнага.

Госці распавялі пра новы, юбілейны 100-ты нумар “Дзеяслова”, які пабачыць свет неўзабаве, а таксама перадалі ў падарунак кнігі серыі СБП “Кнігарня пісьменніка” і нумары часопіса за мінулыя гады. У межах імпрэзы адбылася віктарына, прысвечаная “Дзеяслову” і імправізаваныя літаратурныя чытанні.


Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”