Інгер Бротвайт: «Пісаць – гэта як плаваць у халоднай вадзе»
15 лістапада ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася творчая сустрэча з нарвежскай аўтаркай паэзіі і прозы, журналісткай Інгер Бротвайт. На імпрэзе, зладжанай ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», можна было пачуць некалькі розных моў і пазнаёміцца з сучаснай скандынаўскай літаратурай.
Інгер Бротвайт – аўтарка некалькіх паэтычных і празаічных кніг, магістр літаратуразнаўства, паўночных моў і тэатразнаўства. Нарадзілася ў Бергене, пачынала як прадстаўніца Бергенскай літаратурнай школы, пазней пераехала ў сталіцу. Дэбютны раман прынёс пісьменніцы ў 2004 годзе прэмію «За літаратуру на нованарвежскай мове». Як перакладчыца Інгер брала ўдзел у праекце Нарвежскага біблійнага таварыства па новым перакладзе Бібліі на букмол і нюношк.
Нарвегія – дзве афіцыйныя мовы
Апошняе патрабуе невялічкага тлумачэння: у Нарвегіі дзве афіцыйныя мовы, якія юрыдычна маюць аднолькавы статус, аднак фактычна сфера іх ужывання і распаўсюджанасць у грамадстве не зусім раўнапраўныя. Беларусам тут пабачыцца сітуацыя, падобная да нашай, з рускай і беларускай мовамі. Букмол больш шырока распаўсюджаны, нюношк можна вывучаць у школах, аднак не шмат хто паўсядзённа на ім размаўляе. Дзеля таго, каб сын Інгер мог з першага класа вывучаць у школе нюношк, пісьменніцы давялося пераехаць у іншую вобласць Нарвегіі, дзе гэта сталася магчымым.
Інгер Бротвайт любіць эстэтычныя эксперыменты: наведнікі мелі магчымасць пераканацца ў гэтым, паслухаўшы фрагменты рамана і эсэ пісьменніцы на ангельскай мове з сінхронным перакладам Ганны Комар.
Вершы ў прозе, эсэістыка, гібрыдны раман – у кожнай з чатырох кніг сінтэзуюцца розныя жанры. А некаторыя героі твораў Інгер па-постмадэрніцску запазычаныя і пераасэнсаваныя. Напрыклад, у адным з раманаў можна сустрэць мадыфікаваную Алісу – знакамітую «Алісу ў краіне цудаў», якая дзякуючы Інгер набывае новыя рысы і новы мастацкі кантэкст.
Знаходзяць сваё месца на старонках твораў Інгер Бротвайт і аўтабіяграфічныя моманты. На сустрэчы аўтарка прачытала фрагмент, звязаны з успамінамі дзяцінства, з вясковым жыццём, з бабуляй, якая хварэла на дэменцыю, з татам, з апісаннямі перажыванняў, уласцівых кожнаму чалавеку і зразумелых кожнаму.
Пісьменніцтва – навука або дар?
Поруч з дакументалістыкай Інгер Бротвайт дэманструе сваю схільнасць да канцэптуалізацыі літаратуры. Вось як аўтарка апісвае працэс стварэння сваіх кніг:
«Стыль пісьма мяняецца з кожнай кнігай. Вельмі люблю плаваць. І для мяне пісаць – гэта як плаваць у халоднай вадзе, абуджацца ад сну, натхняцца стыхіяй, шукаць новыя сэнсы
Інгер выкладае ў скандынаўскіх пісьменніцкіх школах. На пытанне з залі: «А ці можна чалавека навучыць пісаць?» аўтарка адказала: «Немагчыма навучыцца быць пісьменнікам. Магчыма толькі адтачыць прыродныя здольнасці, калі яны ёсць».«Пакуль пішацца кніга, я ў раі. А калі яна выходзіць, цябе як быццам бы выганяюць з раю, і ты шмат думаеш пра тое, як туды вярнуцца. І пачынаеш пісаць новую»
На творчую сустрэчу з Інгер прыйшлі відавочна таленавітыя людзі: аднолькава гучалі і нарвежская, і ангельская, і руская, і беларуская мовы, і, што самае важнае – усе разумелі адно аднаго. Такім чынам на адзін вечар у Мінску ўтварылася ўтульная мульцікультурная атмасфера, дзе знайшлося месца і вершам, і прозе, і жартам, і развагам пра сур’ёзнае.
Тэкст і фота: Віка Трэнас
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: ІНГЕР БРОТВАЙТ У ШКОЛЕ МАЛАДОГА ЛІТАРАТАРА
Будзьма беларусамі