Лета з “Будзьма беларусамі!”

Незаўважна ляціць час, дні йдуць за днямі, адзін месяц мяняецца другім… А грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадская аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працягваюць працаваць для вас, ладзячы новыя імпрэзы.

Так, 1 ліпеня ў менскай культпрасторы "Тартак" адбыўся канцэрт-прэзэнтацыя новае кнігі паэта, музыкі й журналіста Віктара Сямашкі. У зборнік "Ромб" увайшлі 6 вершаваных цыклаў, напісаных цягам 2012 - 2014 гг. Тэкст аздоблены паўсотняй аўтарскіх малюнкаў.

Галоўным рэдактарам кнігі выступіў паэт і даследчык беларускае літаратуры Віктар Жыбуль. Вокладку змайстраваў Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory). Выданне пабачыла свет у Беластоку праз выдавецтва Eko-press і часткова за грошы ахвярадаўцаў.

Падчас прэзэнтацыі выступалі асобы, якія так ці інакш спрычыніліся да выдання "Ромбу". А таксама гурты Sinie Gory, "Балцкі Субстрат", "Віктар Сямашка ды Кумпанія" ды інш.

І, канешне ж, кожны жадаючы змог атрымаць запаветную кнігу з аўтографам аўтара. 

Яшчэ адна прэзентацыя новай кнігі адбылася ў археалагічным летніку пад г. Лепель 5 ліпеня. Пісьменнік і музыка Яўген Зубовіч прэзентаваў свой гістарычны раман “Беларускі палкоўнік”.

Твор прысвечаны драматычным падзеям 17 стагоддзя. Галоўным героем з’яўляецца магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі (можна тут пачытаць водгук на кнігу).

Падчас імпрэзы адбылося знаёмства аўдыторыі з раманам “Беларускі палкоўнік” і яго аўтрам. Але гэта не было простым расповедам аўтара пра свой твор. Удзельнікі сустрэчы не толькі пачулі ўрыўкі рамана, але і пабачылі тэатралізацыю па матывах кнігі, пачулі гукі беларускай дуды, апынуліся на сапраўдных рыцарскіх баёўках: сябры кампаніі “Будзьма беларусамі!” Юрый Усціновіч і Андрэй Дундукоў прадэманстравалі баёўкі на дзідах, распавялі пра ўзбраенне і вайсковыя традыцыі часоў, апісаных у рамане, далі ўсім жадаючым патрымаць у руках мячы ды шаблі.

Акрамя таго, “рыцары” і пісьменнік правялі сярод прысутных гістарычна-моўна-літаратурную віктарыну на прызы ад “Будзьма беларусамі” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”. А пераможца атрымаў кнігу “Беларускі палкоўнік” з рук і з аўтографам аўтара.

А 7 ліпеня ў спартыўна-аздараўленчым летніку “Адампль”, што ў Наваградскім раёне, адбылася яшчэ адна сустрэча са слаўнымі рыцарамі сучаснасці: пісьменнікам Юрыем Усціновічам, дударом Віктарам Лагацкім і адважным ратавальнікам Андрэем Дундуковым.

Удзельнікі летніка даведаліся пра сакральны музычны інструмент беларусаў – дуду. Як распавёў спадар Віктар, дуда суправаджала нашых продкаў ад самога нараджэння да скону, ні адна важная падзея ў чалавечым жыцці не абыходзілася без чароўных гукаў дуды. Але традыцыя дударства ледзь не вымерла на Беларусі. Толькі дзякуючы самаадданай працы некаторых музыкаў гэты сакральны інструмент вярнуўся ў жыццё беларусаў.

Пасля такой цікавай міні-лекцыі госць прадэманстраваў моц уздзеяння свайго мастацтва: пад магутнае гучанне дуды спадары Юрый і Андрэй паказалі дзецям і дарослым некалькі баёвак на шаблях ды мячах. Спадар Юрый распавёў пра тэндэнцыі развіцця наступальнага ўзбраення нашых продкаў, прадэманстраваў розныя прыёмы яго выкарыстання.

Змаглі сябе праявіць і ўдзельнікі сустрэчы – адказваючы на пытанні гістарычнай віктарыны ад “Будзьма беларусамі!”. Сталічныя госці былі вельмі ўражаны ведамі сваіх новых сяброў – на пытанні тыя адказвалі хутка, разгорнута і правільна! Таму з вялікай прыемнасцю рыцары ўручалі самым спрытным удзельнікам віктарыны прызы. А пасля на пытанні прыйшлося адказваць ужо гасцям: дзетак і дарослых вельмі цікавіла, як называецца той ці іншы экспанат з невялічкай выставы; а як ім абараняцца ці наступаць; а як хадзіць у цяжкіх латах; а чаму сучасныя хлопцы вырашылі займацца старажытнай зброяй… і шмат-шмат яшчэ чаго. Нефармальная размова зацягнулася больш чым на гадзіну.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!