Літаратурна-выдавецкія спатканні
На літаратурныя імпрэзы запрашалі яго ў Нью-Ёрку і ў Вашынгтоне. Вядомы пісьменнік і выдавец выступіў у гасцявой зале Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Брукліне, у клубнай зале Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, а таксама ў Фундацыі Крачэўскага ў Квінсе. Арганізатарамі і гаспадарамі сустрэч былі Ганна Сурмач, Таня Красоўская, Марына Іваноўская, Франак Вячорка, Вячаслаў Бортнік, Алеся Кіпель, Аляксандр Круглякоў, Валянціна Трыгубовіч, Ала Орса-Рамана.
Уладзімір Сіўчыкаў пазнаёміў слухачоў, пераважна прадстаўнікоў беларускае дыяспары, са сваімі кнігамі “Уладзевы гісторыі” і “Кошык велікодны”, прачытаў з іх паэтычныя і празаічныя творы, расказаў пра стан сучаснай беларускай літаратуры ў метраполіі, адказаў на пытанні зацікаўленых, падзяліўся сваімі творчымі і выдавецкімі планамі, зладзіў аўтограф- і фотасесіі.
Надарыліся ў спадара Сіўчыкава на імпрэзах і прыватныя сустрэчы-сюрпрызы -- з верніцай, сястрой колішняга універсітэцкага выкладчыка Вячаслава Рагойшы Валянцінай, з былым суседам па сталічным уручанскім пад’ездзе Андрэем Мурашкам.
Алеся Сіўчыкава
Фотаздымкі аўтара і з архіва Уладзіміра Сіўчыкава