Натхненне ад “Будзьма беларусамі!”
Нягледзячы на спёку, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” з сябрамі плённа папрацавалі на мінулым тыдні.
У панядзелак, 21 траўня, творчую вандроўку на Любаншчыну здзейснілі слаўныя рыцары: Юры Усціновіч ды Андрэй Дундукоў. Разам з імі ў падарожжа адправілася і Стася Комлік-Ямаціна – прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Віталі вясёлую кампанію школьнікі дзвух сярэдніх школ а.г. Урэчча і СШ № 1 г. Любань.
Віктарына на прызы ад ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” прыйшлася даспадобы не толькі вучням, але і настаўнікам – паміж імі адбываліся сапраўдныя “баталіі”: хто хутчэй і правільней адкажа на пытанні. Прыемна ўразілі літаратурныя веды школьнікаў, а папуры з вершаў беларускіх класікаў, якое прагучала ва Ўрэцкай школе, было шыкоўным.
Госці ж здзіўлялі гледачоў тэхнікай валодання зброяй, расказамі пра незвычайныя перамогі нашых продкаў, пра іх стваральную моц і баявы дух… А колькі радасці дзецям і дарослым было, калі рыцары дазволілі ўсім жадаючым патрымаць зброю ў руках, зрабіць фота і нават паспрабаваць сябе ў якасці сапраўднага ваяра!
22 траўня ў базавай школе г. Бярозы адбылася сустрэча з пісьменніцай Валянцінай Осіпавай. На творчай імпрэзе прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы і вучні старэйшых класаў. На пачатку выступу спадарыня Валянціна нагадала пра тыя драматычныя падзеі, што адбыліся ў сакавіку 1918 года, вынікам якіх і сталася існаванне сучаснай дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Таксама госця звярнула ўвагу на дасягненні нашага народа за 100- гадовы перыяд. Потым размова перайшла ў дыскусію аб складанасцях ужывання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці, аб месцы беларусаў у свеце.
З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі вершы, у якіх аўтар выказала свае адносіны да сучаснасці. Разам з тым шаноўная Валянціна пазнаёміла слухачоў з дзейнасцю грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Пасля гістарычнай віктарыны было шмат пытанняў, якія сведчаць аб тым, что сучасная моладзь з вялікай цікавасцю ставіцца да літаратурнага працэсу ў Беларусі. Сярод прысутных таксама былі пераможцы абласных і раённых літаратурных конкурсаў. Некаторыя з іх, магчыма, з часам таксама пакінуць свой след на літаратурнай мапе Беларусі.
На памяць аб сустрэчы многія актыўныя ўдзельнікі віктарыны і творчай дыскусіі атрымалі паштоўкі і сувеніры, а школьная бібліятэка папоўніла свае фонды новымі выданнямі часопіса “Дзеяслоў”.
23 траўня пісьменнік Уладзімір Арлоў сустрэўся з чытачамі на Берасцейшчыне: у Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, а таксама на курсах “Мова Нанова” ў Берасце. Госць прэзентаваў свае новыя выданні – “Танцы над горадам” і зусім свежую кнігу баладаў “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”. На сустрэчы з пісьменнікам прыйшло больш за 100 прыхільнікаў яго таленту.
Заняткі курсаў “Мова Нанова” былі адмыслова прысвечаныя роднаму гораду Уладзіміра Арлова – Полацку і прайшлі ў форме падрыхтаванай госцем гістарычнай віктарыны на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
24 траўня ў дзіцячую бібліятэку №14 завітаў тэатрык “Лямцавая Батлейка”, каб прэзентаваць кнігу шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю”.
Хто такія супергероі? Чым яны адрозніваюцца ад іншых людзей? Ці можа кніга быць супергероем? Акторкі тэатра разам з вучнямі 3-га класа шукалі адказы на гэтыя пытанні. Для гэтага мы разам з лялькамі – героямі кнігі – прачыталі першую частку СУПЕРКНІГІ. Было і весела, і сумна, і страшна – як у жыцці. Дарэчы, клас, у які ходзяць дзеці, інтэграваны: побач са звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі вучацца і асаблівыя дзеткі. Мы ўсе розныя, але мы разам, каб падтрымаць адзін аднаго. А найлепшы спосаб падтрымкі – абдымкі. З вялікай асалодай пад вясёлую музыку ўсе пачалі абдымацца – і кожны атрымаў налепку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” на памяць.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!