Нечаканыя сустрэчы з “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў
Крочыш па жыцці ў сваім асяродку і ніколі не ведаеш, якая сустрэча чакае на цябе заўтра… Ужо звыклымі сталі творчыя сустрэчы з нашымі сябрамі ў школах, бібліятэках, арт-прасторах. Але мінулым тыднем грамадскую культурніцкую кампанію “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” сустракалі на незвычайных пляцоўках.
Так, 27 жніўня паэтэса Людміла Паўлікава-Хейдарава была запрошана ў офіс Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць”. Людзі, якія носяць у душы цяжар і боль той вайны, прыадкрылі свае сэрцы для сучаснай беларускай паэзіі. Напружанне і зацятасць патроху сыходзілі пад гучанне філасофскіх ды патрыятычных вершаў: “Тры падарожніцы” (Дзева Марыя, Сястра Еўфрасіння, Маці Радзіма) “Да Беларусі” (…Якою зёлкай прываражыла…), “Трыпціх душы” (Зямное прыцягненне. Прыцягненне неба. Дома.) і інш.
Парадавала цікаўнасць да сучаснай беларускай літаратуры, якую выклікалі экзэмпляры часопіса “Дзеяслоў”, што былі ўручаны на памяць аб сустрэчы, ды добрае веданне беларускай мовы – на пытанні віктарыны ўдзельнікі імпрэзы адказвалі хутка ды правільна.
Другая нечаканая сустрэча адбылася 29 жніўня ў грамадскім аб’яднанні “Тайпін” (клуб “Залаты Дракон”). Зноўку паэтэса Людміла Паўлікава-Хейдарава радавала прысутных сваёй творчасцю. На сустрэчу з пісьменніцай завіталі настаўнікі, дзеткі, што займаюцца ў клубе ды іх бацькі. Напачатку дыялог не складваўся, бо самыя актыўныя ўдзельнікі – дзеці – на вялікі жаль, зусім не валодаюць роднай мовай. Але ж, услухоўваючыся ў гучанні беларускіх словаў: маці, сонейка, цікавы…, гледачы прыйшлі да высновы, што беларуская мова самая мілагучная ў свеце. Паступова гутарка наладзілася – з глыбінь памяці пачалі выплываць родныя словы. І вершы ў выкананні аўтаркі ўспрымаліся выдатна.
1 верасня сюрпрыз чакаў дзесяцікласнікаў СШ № 148 г. Мінска – сюды завітала паэтэса Вера Буланда. Педагог з немалым стажам, спадарыня Вера заўжды рада пачуць першы званок у школе. Гутарка пайшла пра Радзіму: гісторыю і сучаснасць, пра родную мову – услед за госцяй вучні называлі свае любімыя беларускія словы, услухоўваючыся ў іх музыку: маладзік, жыта, знічка, Менск… Вера Аляксандраўна падзялілася маленькай таямніцай: “мне пашчасціла нарадзіцца паміж дзвюма “маімі” датамі – Днём нараджэння БНР і Днём тэатра – 26 сакавіка. Так што ў мяне разам тры святы: 25 сакавіка – утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі – і я некалі, не ведаючы гэтага, пасля смерці таты рашыла прысвяціць сваё жыццё роднай мове, роднай Беларусі, а 27 сакавіка – Дзень тэатра. О, як марыла быць актрысай, выступаць на сцэне, здымацца ў кіно. У педінстытуце на філалагічным факультэце запісалася ў тэатр мастацкага чытання “Жывое слова” – нямала гастроляў па Беларусі, Украіне, Расіі адбылося, дзякуючы няўрымсліваму педагогу А.А Калядзе. А ў школе была пастаянным рэжысёрам сваіх жа сцэнарыяў ды п’ес вядомых беларускіх драматургаў”. На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі атрымалі падарункі ад “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
2 верасня цудоўная сустрэча чакала ўдзельнікаў фестываля “Урокі дабрыні”, арганізаваным Беларускім дзіцячым хоспісам. Тут тэатрык “Лямцавая батлейка” паказаў спектакль “Мама Му паранілася” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр.
Спачатку запрошаныя госці разам з дзеткамі паўтарылі некаторыя беларускія словы: крумкач, лядоўня, марозіва. Потым пачалося прадстаўленне! Але гэта быў не звычайны спектакль. Дзеткі актыўна ўдзельнічалі ў ім разам з акторкамі Веранікай Фаміной і Наталляй Леванавай: спачувалі Маме Му, дапамагалі клікаць Крумкача, былі аблітыя вадой і ўважліва слухалі вершык.
Імпрэза праходзіла на адкрытым паветры, надвор’е спрыяла, было весела і шумна.
3 верасня – дзень багаты на сустрэчы. Так, адбылася творчая імпрэза з фалькларыстам, этнографам, паэтэсай Антанінай Хатэнка ў прыватнай школе “Альтэрнатыва”. Вось што пра яе кажа спадарыня Антаніна:
“Гэты дзень абавязкова настае. Штоверасня. Настае, каб развінуць наноў крылы падлеткам, здарожаным за лета ў вандроўках і нечаканых сустрэчах. Настае, каб увесці зусім яшчэ малечу першакласнікаў у іншую, незнаёмую рэальнасць, з прасторы якой усё падаецца ледзь не цудам, вабным і заклікальным. Настае, каб разамкнуць і насамрэч вельмі падобны да чароўнай табакеркі куфар, у які паскладаны праз вякі веды. Веды пра свет і жыццё ў гэтым свеце. Веды пра кожнага з нас, улучаных у класы, гурты, працоўныя калектывы, грамадства. Улучаных наўпрост у краіну, планету, Сусвет.
Гэты дзень на самым пачатку верасня ў нас прынята лічыць за свята. Свята чаго? Свята якое? Мала хто знойдзе ўцямны адказ на гэткія запытанні. Бо свята адпачатна, хутчэй, ёсць воляю (ці адчуваннем волі), чым выстройваннем у роўныя шэрагі і цярплівым чаканнем завяршэння. Завяршэння зычных прамоў і заклінанняў “любіце малую і вялікую радзіму!”. Застаецца дадаць, хіба што, скрушнае багушэвічава “каб не ўмёрлі!”...
Але заклінанні толькі набіраюць моцы. І ўцячы ці схавацца ад іх нікому зазвычай не выпадае.
Хаця... Здараецца ў нашым краі й нешта трошку (ну, хоць на кроплю!) інакшае. Мабыць, больш таварыскае, больш простае...
“Простыя словы. Простыя рэчы” – памятаеце? Цеплыня, утульнасць і нейкая асаблівая роднасць. Ды простая, як гэты ўквечаны ўсмешлівы дзень, гаворка спатканцаў, між якіх пралегла расстаннем калярова-мігатлівае лета.
І спатканцам гэтым так хораша, светла, надзейна ў доме, дзе да самага наступнага лета яны будуць разам. Штодня разам намацваць грунт і разгортваць далягляды.
У мінскай гімназіі “Альтэрнатыва” звыкла гучалі віншаванні з пачаткам новага навучальнага году. Неадменна рассыпаўся ў наваколлі голас першага званка. Але сабраныя ледзь не ў магічнае паўкружжа навучэнцы, настаўнікі і бацькі нечым аддалена нагадвалі... сваякоў, між якіх склалася добрая шчырая повязь. І шарэнгі тут былі б зусім недарэчы. А Радзіма паўставала знекуль з прадаўнасці сапраўды абарончай, мудрай, мужнай і клапатлівай. Таму што яна папросту ёсць. Як неба, як зямля, як памяць, як ноч, як зоры. Як жыццё. Ёсць як дадзенасць. Без якой нішто тут не з’явілася б, не расло, не развівалася гэтак, як цяпер, Гэтак, як даўней. І як мае стацца ў будучыні.
Пра тое якраз і гутарылі ў часе сустрэчы. Пра каштоўнасць і непадробнасць Свайго, спадчыннага – свайго саду, сваёй песні, сваёй, утаптанай продкамі, дарогі, сваёй радзіны і радзімы. І шляху – свайго, абранага і адужванага тут, на крэўнай зямлі, альбо ў далёкай старане, каб вярнуцца аднойчы дамоў. Вярнуцца да вытоку, што жывіць і надае веры жыць, ствараць, адольваць нягоды, святкаваць перамогі і пакідаць сляды. Сляды, у якія немінуча нехта патрапіць пасля цябе, каб не зблудзіць, не збіцца з гасцінца гісторыі. З гасцінца любові, гонару, годнасці, славы. Па якім лёгка і ўпэўнена ідзецца толькі таму, хто жыве пад аховай Роду, чуючы магуту каранёў і кроны Дрэва Свету – дрэва паяднання ў часе і прасторы ўсіх, хто быў, з усімі, хто ёсць і будзе.
“Я шчаслівы, што нарадзіўся тут” – гэтак менаваны быў першавераснёвы ўрок Ведаў. “А што для шчасця трэба?” – пытаемся почасту ў саміх сябе. “Ведаць, што ты на сваім месцы, у сваім гняздзе, са сваёй справай і сваім правам рабіць Свой лёс”, -- выснавалі гімназісты “Альтэрнатывы” супольна з госцяй-творцам.
Памятаць Пачатак і весці Працяг. Каб не перарвалася, не абрынулася ў нябыт адзінапраўдзівая для кожнага народу Традыцыя жыць па законах сэрца – сумленна, чыста, самапаважна і аддана. Як жылі найлепшыя з папярэднікаў. Як маюць спадзеву жыць нашчадкі.
А тое азначае – жыць адказна. Браць і трываць асабістую адказнасць за ўсё адбыванае – у душы, у доме, у сябра, у сям’і, у краіне. Тут. Дзе нарадзіўся. Дзе жывеш. Дзе спасцігаеш адвечную веду Быць Сабой. “Альтэрнатыва” гэтаму спакваля навучае. Спраўна і паслядоўна”.
3 верасня творчая сустрэча з паэтэссай адбылася і ў СШ № 213 г. Мінска -- сюды завітала Людміла Паўлікава-Хейдарава. Разважалі пра Радзіму: вялікую і малую. Аўтар шматлікіх вершаў пра Беларусь, Людміла гаварыла пра сваю ўдзячнасць малой радзіме, якая не толькі дала першы прытулак на гэтым свеце, але і вырасціла, выхавала, вывучыла, “вывела ў людзі” і блаславіла (вершы: “Па дарозе ў Ялізава” (…Бярэзіна зірне, мільгне дуброва…), “Спадчынныя кросны” (…Бабуля ткала ручнікі…), “Песні маленства” (…Ці помніш наш стары, дзівосны лес…), “Роднае слова” (…На базары чаго не пачуеш…), “Юнацтва” і шэраг іншых. А верш “…Што чысцей, чым крыніца, паветра і снег?...” з рэфрэнам “Любоў маці” чыталі ўсёй залай. Сустрэча атрымалася натхняльнай і па-сяброўску цёплай. На памяць пра яе паэтэса ўручыла настаўнікам беларускай мовы падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” ды грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – з удзячнасцю за тое, што школьнікі любяць і ведаюць родную мову (хаця школа і рускамоўная).
І завяршыла цыкл трэццявераснёўскіх сустрэч прэзентацыя кнігі Яўгена Зубовіча “Беларускі палкоўнік”, што прайшла ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага г. Мінска. На імпрэзу сабраліся навучэнцы ліцэя № 10, СШ № 60 і № 145.
Аўтар прыйшоў не адзін: да гледачоў завіталі сапраўдныя рыцары, прыгажуня Стася – гераіня рамана, музыкі… На сцэне бібліятэкі адбываліся сяброўскія баёўкі шляхцюкоў, гучалі старажытныя дуда і барабан, героі са старонак кнігі вялі дыялог з гасцямі. А сам аўтар падрыхтаваў гістарычную віктарыну, пеаможца якой атрымаў экземпляр “Беларускага палкоўніка” з аўтографам спадара Яўгена! Астатнія актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!