Новыя сустрэчы з “Будзьма беларусамі!”

“Гэты край цудоўны як людзьмі, так і казачна-райскай прыродай” – так пачынае свой аповед пра сваю творчую вандроўку сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Вера Буланда

А гаворка ідзе пра Белаазёрскі куток – пра радзіму славутай і вельмі таленавітай паэтэсы Ніны Мацяш. Тут кожную восень, у вераснёўскія дні, праводзяцца літаратурныя чытанні, прысвечаныя дарагой зямлячцы. Сюды прыязджаюць час ад часу паэты з Мінска, Брэста і іншых мясцін Беларусі, каб дакрануцца да цёплых сэрцаў белаазёрцаў, да мудрых вершаў Ніны Мацяш.

Вершам Веры Буланда “На свята ў Белаазёрск” пачала сустрэчу бібліятэкар Тамара Кузняцова:


Імкнецца нехта ў край заморскі,

Карпаты, Турцыю, Канары…

З той восені ў Белаазёрску

І думкі ўсе мае, і мары.


Цудоўны край людзьмі, прыродай,

Вясёлка й Сонца ў кожнай хаце,

Я ведаю – і з той нагоды

Спяшаюся сюды за шчасцем.


За лекамі душы і сэрца –

Паэзіі славутай Мацяш,

Каля яе радкоў сагрэцца –

А гэта – ой, як многа значыць.


15 чэрвеня на творчую сустрэчу прыехалі паэтэсы Вера Буланда з Мінска і Валянціна Осіпава з Бярозы.

Шчыра чыталіся вершы пра малую радзіму, родныя пенаты, прысвячэнні сваякам і землякам, нямала гучала радкоў з інтымнай лірыкі. Падчас сустрэчы была праведзена гульня “Таўтаграма”, у якую ўключыліся і дзеці, і дарослыя, складаючы сказы на адну і тую ж літару. Пасля чаго Вера Аляксандраўна пазнаёміла з вершамі-таўтаграмамі.

Слухачы задавалі пытанні, цікавіліся не толькі творчасцю гасцей, але і іх лёсам.

Актыўныя ўдзельнікі сустрэчы ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі паштоўкі. 

Яшчэ адну вандроўку спадарыня Вера Буланда здзейсніла 21 ліпеня ў санаторый “Сасновы бор” пад Радашковічамі.

З радкоў “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова...” (У. Дубоўка) і пачалася размова.  Шаноўная госця чытала вершы на роднай мове пра радзіму, маці, каханне, бо ўсё ж “…пачынаецца з любві” (Я. Янішчыц).

Пасля ўдакладнення, адкуль прыехалі ў санаторый лекавацца і адпачыць прысутныя ў зале, высветлілася, што яны з усіх куткоў Зямлі: з Расіі, Ізраіля, нават з Індыі. А пра сябе Вера Аляксандраўна адказала вершам:


А я – дзяўчына з Беларусі,

З калыскі мятава-духмянай,

Адтуль, дзе кола круціць бусел,

Дзе кожны – госць, даўно чаканы.


З лугоў я, з каласкоў пшанічных,

З азёраў сініх, ільняных,

Я – з песень, ад душы лірычных,

Дзядоў і прадзедаў маіх.


Я – з Мрайкі, мілай летуценкі,

З мсціжанскіх берагоў утульных,

З тваіх далоняў немаленькіх,

З ласкавых, цёплых рук матуліных.


Пасля верша “Мой край зверабою, рамонак і мяты, мой край васільковы, рабінавы край, з далёкай даўніны на песні багаты, на соль і на хлеба цяжкі каравай…” была арганізавана музычная паўза – адпачываючыя спявалі песні на беларускай мове.

На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі сувеніры.

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!