Новыя сустрэчы з “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў

Апошнія дні чароўнага лета… Крыху сумна, бо хутка восень, дождж… Але грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” не дадуць вам засумаваць!

Мінулым тыднем нашыя сябры пабывалі ў Лоеве, Бараўлянах, Лунінцы.

21 жніўня ўдзельнікі клуба аматараў паэзіі “Гучальнае слова” Лоеўскай бібліятэкі сустракалі сябра “Саюза беларускіх пісьменнікаў”  паэтэсу Валянціну Осіпаву. Пісьменніца заўжды з радасцю наведвае гэтыя мясціны, бо сама родам з Лоеўшчыны.

Спадарыня Валянціна не толькі пазнаёміла слухачоў з уласнай творчасцю, але і правяла невялікі майстар-клас па складанні вершаў. Пасля чаго аматары паэзіі таксама пазнаёмілі госцю са сваёй творчасцю. За што самым актыўным былі ўручаны прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а бібліятэка атрымала ў падарунак ад “Саюза беларускіх пісьменнікаў” некалькі асобнікаў часопіса “Дзеяслоў”.

А 22 жніўня ў Лунінецкай гарадской дзіцячай бібліятэцы віталі сяброў “саюза беларускіх пісьменнікаў” Аксану Малішэўскую-Спрынчан ды Вадзіма Жылко.

Спадар Вадзім распавёў дзецям, што такое "малая радзіма", згадаў вядомых лунінецкіх літаратараў і краязнаўцаў, іх кнігі (бібліятэкарамі былі разгорнуты тэматычныя кніжныя выставы). Спадарыня Аксана чытала вершы са сваіх кніг для дзяцей, загадвала загадкі. Госці правялі конкурс на лепшае пытанне ад слухачоў. Прыемным падарункам для лунінчан быў невялікі выступ 11-цігадовай Альжбэты Малішэўскай-Спрынчан. (фота 4 – 7)

Завіталі госці і ў Лунінецкую раённую бібліятэку на творчую сустрэчу да мясцовых літаратараў і аматараў мастацкага слова, сяброў клуба “Літаратурная правінцыя” пры бібліятэцы. Вадзім Жылко распавёў пра сёлетнія мастацкія і краязнаўчыя выданні лунінецкіх аўтараў, пра створаную ў бібліятэцы “Літаратурную карту Лунінеччыны”. Аксана Спрынчан чытала вершы і празаічныя мініяцюры пра Лунінеччыну. Палессе, Беларусь, некалькі твораў прачытала і Альжбэта.

Са сваімі творамі выступілі лунінецкія аўтары Валянціна Трухнова, Галіна Абрамчук, Лілія Віктарава, Настасся Пратасавіцкая, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Пінігін ды іншыя.

Актыўным удзельнікам сустрэчы былі падораны кнігі беларускіх аўтараў, часопісы “Дзеяслоў”, іншыя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Сустрэча прайшла фактычна як дыялог паміж творчымі асобамі, абмяркоўваліся не толькі літаратурныя творы, але і стан беларускай мовы.

26 жніўня ў Бараўлянах SOS-дзіцячая вёска адбылося “Свята Чырвонага носа” – дзень, калі бальнічныя клоуны разам з дзецьмі ды бацькамі ладзяць сумесныя гульні-забаўлянкі. Ініцыятыва, вядомая шмат дзе ў свеце, пакрысе прыжываецца і ў Беларусі – такое свята ўжо праводзілася ў Гомелі, а летась – упершыню ў Бараўлянах. Дзеткі, што патрапілі на свята, забыліся хаця б на час пра свае хваробы, бо для іх працавалі “Летняя Акадэмія лекараў” ды “Модны Прысуд”, выступалі спевакі ды танцоры… А кампанія “Будзьма беларусамі” ды “Саюз беларускіх пісьменнікаў” падрыхтавалі для прысутных сапраўдны цуд! На свята прыплыла Лахнэска – жыхарка знакамітага таямнічага возера Лахнэс (яна ж – гераіня казкі з кнігі Алены Масла “Мяне завуць Лахнэска”). Прывялі яе да дзяцей пісьменніца, казачніца Алена Масла і актор, драматург, пісьменнік, рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Васіль Дранько-Майсюк.

Сталічныя госці праводзілі віктарыны, загадвалі загадкі, зрабілі з дзецьмі спецыяльныя “акторскія” практыкаванні, навучылі прысутных крумкаць, як жабкі і рыкаць, як каровы, прыдумалі працяг для казкі і нават склалі небылічку. І дзеці, і бацькі, і нават самі арганізатары фэсту – бальнічныя клоуны “Fanny nose” з задавальненнем выконвалі заданні, адказвалі на пытанні, фантазіравалі, рабілі практыкаванні ды проста ўсміхаліся! Шмат радасці і сапраўднага шчасця падарыла гэта творчая сустрэча гасцям ды й самім выступоўцам.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!