Прэмію Карласа Шэрмана 2018 атрымала Вера Бурлак
Дата публікацыі: 25.10.2018
7706
Прэмія імя Карласа Шэрмана 2018 уручана Веры Бурлак за паспяховы сінтэз перакладчыцкіх тэхнік пры пераўвасабленні мастацкага ўніверсуму Льюіса Кэрала ў перакладзе кнігі «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса».
Уручэнне прэміі адбылося 25 кастрычніка, у дзень народзінаў патрона ўзнагароды - перакладчыка, праваабаронцы і літаратуразнаўцы Карласа Шэрмана.
Сёлета на прэмію Шэрмана намінаваліся 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў. У 2016 г. быў уганараваны Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 -- Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.Улічваючы высокі ўзровень якасці і колькасці перакладаў мастацкай літаратуры на беларускую мову і складанасць выбару паміж рознымі, сябры журы выступілі з ініцыятывай вылучэння ў прэміі Шэрмана дзвюх асобных намінацый -- за пераклады паэзіі і прозы, а таксама з прапановай асобнай узнагароды за пераклады дзіцячай літаратуры ў межах прэміі Цёткі.
У кароткі спіс прэміі ўвайшлі:
Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы. Льюіс Кэрал “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. “Галіяфы”, Мінск.
Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы. Кен Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”. “Янушкевіч”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч з перакладам з шведскай мовы. Свэн Нурдквіст “Калядная каша”, “Паляванне на ліса”, “Пэтсан сумуе”, “Фіндус з’язджае”. “Кнігазбор”, Мінск.
Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы. Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”. “Кнігазбор”, Мінск.
Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы. Ісмаіль Кадарэ “Хроніка ў камені”. “Янушкевіч”, Мінск.
Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы. Аляксандр Чакс “Выбраныя вершы”. “Зміцер Колас”, Мінск.
У журы прэміі сёлета былі: Лявон Баршчэўскі, перакладчык, літаратуразнаўца; Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ; Аксана Данільчык, паэтка, перакладчыца; Дзмітрый Плакс, перакладчык, паэт, празаік; Марына Шода, літаратуразнаўца, перакладчыца.
Прэмія за найлепшую мастацкую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд "Вяртанне". Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
Фота: Віка Трэнас
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"