Шосты выпуск навучэнцаў Школы маладога пісьменніка адбыўся ў Мінску
Выпускны Школы прайшоў у прасторы "Тартак". На ім маладыя пісьменнікі зачыталі ўрыўкі з сваіх апошніх твораў, падзякавалі выкладчыкам, арганізатарам і сакурснікам. Амаль усе адзначылі: галоўнае, што атрымліваеш у школе -- гэта нават не веды і досвед, а сябры, з якімі можна абмяркоўваць кнігі і творчасць у любы час сутак.
"Віншую нашых шаноўных выпускнікоў з тым, што яны прайшлі гэты шлях да канца, сапраўды вытрымалі ўсе выпрабаванні на ім. Я рады, што ў нас ёсць Школа маладога пісьменніка і з ёй працуюць такія добрыя выкладчыкі. Шэсць гадоў таму, калі мы пачыналі, было шмат сумненняў -- што навучыцца пісаць немагчыма, усе нашы класікі -- самавукі. Але думаю, цяпер мы пераканаліся ў тым, што літаратурная праца мае свае законы, асаблівасці, і лепш іх ведаць напачатку, каб вучыцца на чужых памылках. Добра, што ў школе ёсць і другі курс, дзе студэнты ўжо працуюць над сваёй кнігай. Летась быў яго першы выпуск, па выніках выйшла шэсць добрых кніг. Што з вас атрымаецца -- я не ведаю. Хутчэй за ўсё, вы застанецеся ў іншых прафесіях, але ж пісьменніцтва -- гэта невылечная хвароба, таму вы будзеце зноў і зноў звяртацца да яе, забываючыся на іншую працу. У літаратуры няма абсалюту, ёсць толькі шлях -- бясконцы, нялёгкі, але вельмі прыемны. Жадаю вам поспехаў на ім!" -- звярнуўся да выпускнікоў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Выкладчыца Ганна Бутырчык парэкамендавала маладым пісьменнікам трымацца адно аднаго на гэтым шляху, каб не страціць матывацыю:
"Спадзяюся, вы збіраецеся не апошні раз. У межах школы вы навучыліся не толькі пісаць, але і быць чытачамі адно аднаго. Вы таленавітыя, засталося толькі развіваць талент".
Наталля Паваляева адзначыла, што літаратура -- адметны від мастацтва, таму што для яе стварэння не патрэбна нічога, акрамя галавы. Галоўны інструмент, які выкарыстоўваецца -- мова, і ім трэба вучыцца карыстацца правільна.
На імпрэзе таксама выступіла каардынатарка Школы Алена Казлова. Яна нагадала, што лепшыя з выпускнікоў могуць трапіць і на другі курс, каб працаваць разам з куратарам над уласнай кнігай. Каб трапіць туды, трэба прайсці ўнутраны конкурсны адбор -- звычайна набіраецца група з шасці чалавек.
Напрыканцы афіцыйнай часткі Барыс Пятровіч уручыў выпускнікам сертыфікаты і заклікаў дасылаць свае творы ў часопіс "Дзеяслоў".
Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас