Бібліятэчныя рарытэты цяпер у сеціве
Нацыянальная бібліятэка выклала ў сеціва калекцыю беларускіх часопісаў за 20 даваенных гадоў (1919-1939).
Уся калекцыя падзеленая на тры рубрыкі: Часопісы БССР, часопісы Заходняй Беларусі і часопісы беларускага замежжа.
Гэта калекцыя дае добрае ўяўленне пра літаратурныя працэсы 20-х – 30-х гг., дае магчымасць пачытаць творы амаль забытых і слаба даследаваных літаратараў.
Цяпер за некалькі клікаў можна пачытаць не толькі “Іскры Ільіча” ці “Маладога аратага”, але і легендарныя “Маладняк”, “Полымя” ды “Узвышша”.
Партнёрамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па рэалізацыі праекту з’яўляюцца Прэзідэнтская бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальная кніжная палата Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
У калекцыі таксама змешчаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, Бібліятэкі Ягелонскага ўніверсітэта і інш.
Калекцыя мае папаўняцца, калі будуць знаходзіцца новыя артэфакты.
Нацыянальна бібліятэка Беларусі