Цікавосці ад “Будзьма беларусамі!”

Шаноўнае спадарства і спадарыньства, у нас прыемная навіна! Творчыя сустрэчы, якія арганізоўвае грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, прыносяць цудоўны плён!

Нядаўна ў дзіцячым часопісе “Буся” была апублікаваная казка пра Янку Купалу, якую напісалі вучні 6 “Г” класа СШ № 54 г. Мінска падчас творчай сустрэчы з паэтам, драматургам, акторам, педагогам Васілём Дранько-Майсюком! Віншуем шчыра маладых пісьменнікаў з першай публікацыяй і зычым плёну і натхнення на далейшыя творчыя здзяйсненні! МАЛАЙЦЫ!

Сябры, як вы ставіцеся да забабонаў, у прыватнасці – да пятніцы 13? Ці верыце, што гэта нешчаслівы дзень? Не ведаю, як у вас, а для выхаванцаў спартыўна-аздараўляльнага летніка “Адампль”, што на Навагрудчыне, мінулая пятніца была шчаслівай, хаця і 13-га! Сюды завіталі сапраўдныя рыцары Андрэй Дундукоў і Юрый Усціновіч. Хлопцы прывезлі з сабой выставу зброі і даспеха – усе жадаючыя змаглі прымерыць рыцарскі шлем, узяць у рукі шчыт, меч, дзіду, шаблю, адчуць сябе сапраўдным ваяром мінулых эпох.

Акрамя выставы Юрый і Андрэй прывезлі шмат цікавых расказаў пра слаўнае ваярскае мінулае Беларусі, пра мужнасць і спрыт, пра кемлівасць і моц.

Свой спрыт змаглі паказаць і гледачы – на мясцовым стадыёне рыцары зладзілі спаборніцтвы па стральбе з лука! Пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” ў сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!