Цёплыя сустрэчы ў халодны лістапад
Нават халоднымі і шэрымі лістападаўскімі днямі грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” дораць сваім сябрам цёплыя і яркія сустрэчы.
Так, 1 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце адбылася літаратурна-музычная сустрэча з пісьменнікам, перакладчыкам і бардам Алесем Камоцкім. Як зазначыў сам выступоўца, сустрэча была цёплай і нязмушанай. Гледачамі былі ўдзельнікі народнага тэатра "Жывое слова", які існуе пры ўніверсітэце ўжо больш за 50 гадоў. Размаўлялі з тэатраламі пра рознае, у прыватнасці пра ролю Саюза пісьменнікаў у сучасным задэвайшаным грамадстве. Таксама паспявалі. Што тычыцца рэпертуару, то выконваліся самыя разнастайныя песні, як на замову, так і з ініцыятывы выканаўцы.
Гэтым жа днём у дзіцячай бібліятэцы № 10 г. Мінска адбылася сустрэча школьнікаў малодшых класаў з літаратуразнаўцам, пісьменнікам і бардам Сержам Мінскевічам, падчас якой паміж госцем і школьнікамі ўзнікла гутарка пра беларускі фальклор, выяўленчае мастацтва, кіна- і мультыплікацыйнае мастацтва, а таксама пра беларускую мову і літаратуру.
Школьнікі расказалі, якіх яны ведаюць беларускіх пісьменнікаў, што па-беларуску чыталі, якія ведаюць беларускія казкі, легенды. Нават апавялі свае легенды. А выступоўца прачытаў урыўкі са сваіх казак, праспяваў свае песні, шчыра адказаў на ўсе пытанні школьнікаў, настаўнікаў і бібліятэкараў. Сустрэча прайшла ў даверлівай і сяброўскай атмасферы.
Таксама 1 лістапада ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” адбылася этнакультурна-музычна-літаратурная сустрэча “Святыя Дзяды, прыходзьце сюды!..”. Навучэнцы будаўнічага ліцэя разам з вядомым этнографам Антанінай Хатэнка пад чароўныя гукі сакральных музычных інструментаў (музыка Кацярына Радзівілава) патрапілі ў незвычайнае падарожжа Памяці…
Вось што пра гэта апавядае спадарыня Антаніна:
“Штогоду на самай мяжы кастрычніка й лістапада з’яўляюцца, як духовыя стражы і ахоўнікі, нашы продкі. З’яўляюцца, каб агледзець свае нівы-палеткі і пераканацца, што Род іх жыве годна і пачэсна, шануючы і поўнячы новым зместам старыя звычаі.
Гэтак сталася й сёлета. Дзяды – усе нашы памерлыя – напэўна ж, пабліжэлі да роднай зямлі, унікліва слухаючы споведзь загасалых дуброў і ўдзячлівыя звароты наступнікаў. Дзяды не прамінулі тых сцежак, на якіх усё яшчэ цёпла-цёпла зберагаюцца іх сляды. Дзяды прыляцелі ў свае хаты і ціха пасядзелі на покуці, пакуль радзіна збіралася за памінальны стол ды цёпла прыгадвала ўсіх-усіх, хто быў некалі тут, на зямлі, – гаспадарыў, любіў, ствараў і марыў.
І на празрыстай кладачцы, злучванай мінуласьць і будучынь, прадонні і Вышы, слова і цішу, дзеелася таемная сустрэча часоў і пакаленняў.
А як жа іначай пачуць і пазнаць у гэтым дарэшты зматэрыялізаваным свеце водгулле Вечнасці, распрасцертай з глыбіняў у далечы, калі не ўслухацца ў жыццё, неадольна бруялае ў Дрэве Роду?
…Некуды ў невядомасць, скуль спяшаліся ў гнёзды мудрыя птахі-Дзяды, свяцілі трапяткія свечкі. Некуды ў прышласць, снаваную са збыласці, уздымаліся вершы, песні і спаміны сучаснікаў, што знайшлі-такі вядунскі ключ Сутнасці і адкрылі найпершы і наймагутны закон Быцця – закон паяднання. Паяднання ўсяго, што было, ёсць і будзе. Усяго, што надае сэнс жыць, паміраць і павяртацца.
З гэткіх вось відушчых адкрыццяў распачаўся лістапад у адной са сталічных бібліятэк, што сустрэла на сваім парозе Дзядоў, як рабілі ў нашым Краі спрадаўна, – у сяброўскім коле аднадумцаў, у стараладным спяванні-гранні, у шчырай размове пра крэўнасць, род і неўміручасць”.
2 лістапада ў бібліятэцы № 13 пасёлка Сосны ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў” адбылася сустрэча з музыкай Ярашам Малішэўскім і пісьменніцай Аксанай Спрынчан. Паслухаць творчую сям’ю бібліятэка запрасіла дзяцей са школьнага лагера. Хто не любіць вакацыі! Аксана і Яраш і самі шчаслівыя, што іхная дачка не ходзіць цяпер у школу, а тут яшчэ і надарыўся цуд на Дзяды – здавался, што ўсе прысутныя не толькі што пазнаёміліся, а ведалі адно аднаго доўгія гады.
Чыталі вершы, адгадвалі загадкі, гулялі ў “Агародную хованку” са “Смачнай кнігі” Аксаны Спрынчан. Усе разам спявалі і ляталі, і нават танчылі пад сакральную беларускую дуду. Урэшце, бібліятэкары сказалі, што проста закахаліся ў Аксану і Яраша. І Аксана весела заўважыла: “Добра, што мы выступаем разам…”
А 3 лістапада вядомыя беларускаму чытачу Пэтсан і Фіндус наведалі Пружанах. Сябра кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар фэнтэзійнага рамана “Сем камянёў”, Аляксей Шэін прэзентаваў у Пружанскім Палацыку новыя пераклады расказаў Свэна Нурдквіста “Час пеўня” і “Мітусня ў агародзе”. Дзеці і іх бацькі змаглі ўпершыню пабачыць пераклады знакамітых кніг на беларускую мову. Кнігарняў, на вялікі жаль, у Пружанах няма, няма таксама беларускага Пэтсана і ў пружанскіх бібліятэках. І яркія, цікавыя аповеды пра дзядзьку Пэтсана і яго коціка Фіндуса захапілі як малечу, так і дарослых.
Малыя ўдзельнікі паслухалі ўрывак з адной з кніг пра няўрымслівага коціка, адказалі на пытанні ды атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Гэта была першая сустрэча ў рамках праекта #Лёгкіячытанні, які запачаткавала пружанская актывістка і маці 14 дзяцей Вікторыя Анохава-Жураўлёва.
Месца для “Лёгкіх чытанняў” дала дырэкцыя музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Арганізатары маюць намер ладзіць падобныя чытанні для дзяцей два разы на месяц.
5 лістапада пісьменнік Сяргей Чыгрын і грамадскі актывіст, былы настаўнік, краязнавец Валерый Петрыкевіч сустрэліся з дзеткамі, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Баравічок”, а таксама прынялі ўдзел у юбілейнай вечарыне Вячаслава Адамчыка ў Круцілавіцкай сярэдняй школе.
У “Баравічку” госці распавядалі пра гісторыю беларускай кнігі, а Сяргей Чыгрын паказаў прысутным вялікую калекцыю з прыватнай бібліятэкі – ад кніг-малютак да самых сучасных беларускіх кніг. У Круцілавіцкай сярэдняй школе Валерый Петрыкевіч і Сяргей Чыгрын выступілі перад удзельнікамі мерапрыемства, прысвечанага 85-годдзю пісьменніка Вячаслава Адамчыка. Спадар Валерый прыгадаў перапіску свайго бацькі, заснавальніка Дзятлаўскага музея, з Вячаславам Адамчыкам, пра яго лісты, якія захоўваюцца ў прыватным архіве, а таксама ў архіве музея. Спадар Сяргей распавёў пра сустрэчы з пісьменнікам у Менску.
6 лістапада ў мінскай бібліятэцы № 2 малодшым школьнікам прапанавалі адправіцца ў цікавае падарожжа ў краіну, дзе людзі расказваюць легенды, казкі, дзеляцца сваімі ведамі пра прыроду. А правадніком у гэтую краіну быў Серж Мінскевіч – паэт, перакладчык, даследчык літаратуры, бард і казачнік. Мерапрыемства адбылося ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў. І не толькі выступоўца расказваў легенды, казкі і паданні, спяваў свае песні і чытаў вершы, але і вучні ўзгадалі сваіх бабуль і дзядуляў, і распавялі гісторыі, пачутыя некалі ад іх. А таксама патанчылі пад песню Сержа Мінскевіча, паадгадвалі яго загадкі, падарылі шмат шчырых усмешак адно адному ды госцю.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!